Ізраільскі дыпламат у ААН прымацаваў да пінжака жоўтую зорку
Дэлегацыя Ізраіля на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН
Пастаянны прадстаўнік Ізраіля пры ААН Гілад Эрдан падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН па Блізкім Усходзе прымацаваў да свайго пінжака жоўтую зорку і паабяцаў не здымаць яе датуль, пакуль Савет Бяспекі не асудзіць дзеянні руху ХАМАС.
"Некаторыя сябры СБ ААН так нічому і не навучыліся за мінулыя 80 гадоў, некаторыя з вас забыліся, чаму з'явілася гэтая арганізацыя", — сказаў пры гэтым Гілад Эрдан. Калі здарыўся Асвенцым, свет маўчаў. Свет, паводле яго слоў, зноў маўчыць і не хоча асуджаць напад і зверствы ХАМАС у паўднёвых паселішчах Ізраіля 7 кастрычніка. "Я буду нагадваць вам пра гэта", — дадаў Эрдан. Паводле яго слоў, ізраільская дэлегацыя ў ААН будзе насіць жоўтыя зоркі "да таго часу, пакуль вы не асудзіце зверствы ХАМАС і не запатрабуеце неадкладнага вызвалення нашых закладнікаў".
Армія Ізраіля ў сектары Газа тым часам упершыню вызваліла закладніцу падчас бою. Гэтую дзяўчыну ХАМАС захапіў 7 кастрычніка. Яе завуць Оры Мегідыш. Па паведамленні прэс-службы ЦАХАЛ, яна адчувае сябе добра і ўжо сустрэлася са сваёй сям'ёй.
За апошнія суткі ЦАХАЛ атакаваў у Газе каля 300 цэляў. Сярод іх — супрацьтанкавыя і ракетныя пазіцыі баевікоў, тунэлі, ваенныя комплексы, асобныя групы ХАМАС. Былі задзейнічаны авіяцыя і сухапутныя сілы. У ЦАХАЛ кажуць, што наземная аперацыя ў Газе працягваецца.
Акрамя таго, сёння раніцай інжынернае падраздзяленне ЦАХАЛа ўзарвала дом аднаго з лідараў ХАМАСа Салаха аль-Аруры ў вёсцы Арура. Аль-Аруры лічыцца адным з "архітэктараў" масіраванага нападу ХАМАСа на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. Ён жыве пераважна ў Бейруце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.