J:морс "Концерт в театре"
Прыхільнікі творчасці J:морс маюць магчымасць папоўніць сваю калекцыю новай складанкай гурта. 5-га сакавіка ў свет выйшла кампіляцыя з CD/DVD "Концерт в театре"
Дыск уяўляе сабой
падборку лепшых песень J:морс розных часоў. Да таго ж на ёй ёсць 2 новыя
кампазіцыі — прадстаўленыя на канцэрце "Беги" и "Просто
так".
Новая "Беги" с запамінальным прыпевам цалкам можа стаць радыёхітом
гэтай вясны.
Настроі новых
аранжыровак рэзка змяняюцца і, часам, немагчыма распазнаць песню з першых
акордаў і толькі з першымі словамі прыходзіць здагадка.
Так, і без таго
кранальная "Не умирай" становіцца яшчэ больш шчымлівай. На канцэртнай пласцінцы
яна прадстаўлена ў шыкоўнай акустычнай версіі з віяланчэллю. А "рокавы",
трывожны пройгрыш надае песні драматызму з арыгінальнага варыянту.
Вядомы хіт "Апрель" гурт
прадставіў у выглядзе гарадскога рамансу — легкадумнага, рамантычнага і
задорнага. У такой аранжыроўцы, з вясновай празрыстасцю і лёгкасцю гуку,
асабіста мне песня падаецца яшчэ больш светлай.
Адразу пасля сонечнага
"Апреля" пачынаецца хуліганская, рок-н-рольная па тэксце і блюзавая па музыцы
кампазіцыя "Поезд", — мабыць, адна з самых першых запісаных "Морсамі" песень,
упершыню выдадзеная у 2000 годзе на альбоме "Ассорти". Кампазіцыя, шчодрая на драйв і эмоцыі да таго ж аздобленая прыгожым саксафонным сола ў выкананні Андрэя Кляшчова. Песня ўзнаўляе кранальную і шчырую атмасферу ранніх выступаў J:морс у маленькіх клубах.
На мой погляд, адзін з
самых буйных поспехаў лірычных "Морсаў" — песня "Снилось" — прынясе вам шмат
задавальнення ў новым гучанні з выкарыстаннем сапелкі. Пранізлівая і проста
неверагодна ўдалая кампазіцыя ці, як лічаць некаторыя, рамантычны сплін.
Паветраная, з
летуценнай музыкай... Тэкст "Снилось" падобны на постмадэрнісцкае апавяданне — у кожнага, па
традыцыях жанру, знойдзецца сваё тлумачэнне туманнага
кантэксту гэтай кампазіцыі. Мяне яна адсылае кудысьці далёка, але зусім не да "атмосферы разреженной звёздам дарить своё одиночество". Хутчэй на бязлюдныя
астравы ў Ціхім акіяне. Калібры, якія "будут селиться в мятых завитушках", у гэтым вобразе вельмі дарэчы :)
На развітанне прапаную
вам зусім свежую "замалёўку" на верш Барыса Штэрна — задумлівая і шчырая
"Просто так"— вострыя гітарныя кроплі злёгку размалёўваюць не надта
вытанчаную, простую мелодыю.
Словам, атрымалася куды
цікавей, чым проста чарговая падборка хітоў.