Каб аддаць рэшткі ежы з рэстарацый бедным, трэба прайсці санстанцыю
У Італіі прынялі закон, які аблягчае працэдуру перадачы прадуктаў, тэрмін прыдатнасці якіх прайшоў, дабрачынным арганізацыям. Цяпер прадаўцам і рэстаратарам неабавязкова прытрымлівацца строгіх санітарных стандартаў. Больш за тое, чым больш яны будуць ахвяраваць, тым меней будуць плаціць падаткаў. А што робяць з непрададзенай ежай у рэстарацыях беларускай сталіцы?
“Тое, што застаецца на талерках, ідзе ў сметніцу, — гаворыць гаспадар кавярні “Бітлджус” Ян. — Калі застаецца з абедзеннага меню, то на нашым прадпрыемстве ёсць такая опцыя, як харчаванне персаналу, таму па ўнутраных цэнах аддаецца ім. Ну, а калі раптам нешта сапсавалася, проста ўтылізуем, то бок выкідаем на сметніцу”.
Сапсаваную прадукцыю пастаўшчыкі не забіраюць, хіба толькі хлеб, тэрмін прыдатнасці якога выйшаў, могуць замяніць на свежы. Такая ж гісторыя ў бары “Пінта”. Там прадукты ўвогуле не псуюцца, бо пастаўкі штодзень і невялікімі партыямі. Рэшткі абедзеннага меню таксама з’ядае персанал, часам даводзіцца нават дагатоўваць, каб усім хапіла.
“У нас утылізацыя адходаў, іх забірае машына, са спецыяльнай арганізацыяй падпісаная дамова, — гавораць у кулінарыі рыбнай крамы “СантаФіш”. — Увечары зніжка сумарная каля 22%, так што мы амаль цалкам распрадаемся, рэшткі мінімальныя”.
Варыянт перадачы ежы ва ўстановы, якія займаюцца падтрымкай людзей без вызначанага месца жыхарства, ніхто з апытаных нават не разглядаў. Справа не ў жаданні, а ў дакументацыі, з якой “хутчэй за ўсё проста закапаешся”, і ў гэтым выпадку “значна прасцей проста скласці акт браку і спісаць у сметніцу”.
У Доме начнога перабывання для людзей без вызначанага месца жыхарства на вуліцы Ваўпшасава ў Мінску шмат гадоў харчуе пастаяльцаў дабрачынная арганізацыя пры баптысцкай царкве. Дзяржава ў гэтым удзелу не бярэ, ежы недастаткова.
“Ніхто нам нічога не пастаўляе, — гаворыць супрацоўніца. — Нават прапановаў такіх ад рэстарацый не паступала. Бо гэта даволі складана зрабіць. Тут жа ўсё прывязана да санітарнай службы, трэба ж усе дазволы гэтыя атрымаць, бо раптам што здарыцца і будуць праблемы. Але каб хто прапанаваў, то мы б з задавальненнем пагадзіліся. Вы ж разумееце, што гэтай катэгорыі грамадзянаў ежа патрэбная”.
Падобныя складанасці з дакументамі існавалі і ў Італіі. Спрасціць працэдуру было вырашана пасля таго, як урад падлічыў, што выкіданне прадуктаў абыходзіцца эканоміцы і жыхарам краіны ў больш чым у 12 мільярдаў еўра ў год, а гэта складае больш за 1% ад ВУП краіны. Па дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, агулам у свеце губляецца каля траціны вырабленых прадуктаў харчавання, а ў Еўропе — 40%. "Прадукты, якія выкідаюцца ў Еўропе, маглі б пракарміць 200 мільёнаў чалавек", — сцвярджае ААН.
Колькі выкідаецца прадуктаў у Беларусі, ніхто не лічыў. Па словах рэстаратараў, у іх сметніцах заўсёды капаюцца пэўныя людзі і забіраюць выкінутыя прадукты. Калі гэта ўсё роўна адбываецца, дык чаму б і нам не спрасціць заканадаўства, аддаўшы ежу тым, каму гэта патрэбна, цывілізавана?