Каб напоўніць паліцы магазінаў, гандлю на вёсцы вернуць ільготы
Аўталаўка
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі мае намер вярнуць ільготы прадпрыемствам гандлю на вёсцы. Пра гэта ў эфіры СТБ заявіла намесніца міністра Ніна Емяльянава. Зараз рыхтуецца праект указа. Раней — з 2017-га да канца 2022 года — для такіх прадпрыемстваў дзейнічаў шэраг прэферэнцый. Да прыкладу, такія крамы ў сельскай мясцовасці вызваляліся ад ПДВ. Для іх таксама ўсталёўваліся льготныя стаўкі падатку на прыбытак.
"Мы хочам аднавіць з 1 студзеня 2024 года пэўныя прэферэнцыі для ажыццяўлення гандлю на вёсцы", — распавяла Емяльянава. Яна прызнала, што сёння ёсць "пэўная праблема" з абслугоўваннем сельскага насельніцтва.
Раней, нагадаем, на сціплы асартымент у сельскіх крамах людзі скардзіліся і кіраўніку Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, і Аляксандру Лукашэнку. Лукашэнка анансаваў маштабную нараду па пытаннях працы Белкаапсаюза (яна пройдзе пасля Новага года) — паабяцаў "увесці жорсткую вайсковую дысцыпліну" і прыгразіў прыватнікам, якія, на ягоную думку, "нажываюцца за кошт тых, хто жыве ў дажываючых вёсках".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.