Каб прадаць акцыі, беларусу давядзецца спачатку заплаціць брокеру

У Беларусі ствараецца спіс прадпрыемстваў, акцыі якіх нельга будзе прадаваць. І гэта нягледзячы на дэкрэт прэзідэнта, дзякуючы якому ўжо з 17 чэрвеня беларусы змогуць прадаваць акцыі прадпрыемстваў, якія яны атрымалі падчас прыватызацыі. Спіс недатыкальных прадпрыемстваў пакуль складаецца. Але, па словах загадчыцы аддзелу ўліку і распараджэння акцыямі Фонду Дзяржмаёмасці Ганны Карняевіч, туды дакладна ўвойдуць усе прадпрыемствы нафтахімічнай галіны: “Сёлета здымаюцца абмежаванні на прадпрыемствах, дзе доля дзяржавы складае 75% і больш, альбо адсутнічае. У наступным годзе – дзе доля дзяржавы 50% і больш. І 1 студзеня 2011 года абмежаванні будуць знятыя па ўсіх акцыянерных таварыствах за выключэннем значных акцыянерных таварыстваў. Такі пералік рыхтуецца. Ну, гэта ўсе прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу...”

Акцыянеры Шклоўскага масласырзавода, сярод якіх раней была і Галіна Лукашэнка, сёлета атрымалі неблагія дывідэнды – цэлую тысячу за акцыю. Таму, па словах галоўнай бугалтаркі прадпрыемства Алены Паланковай, невядома яшчэ, ці захочуць акцыянеры прадаваць сваю ўласнасць. Прынамсі, пакуль такіх размоваў на заводзе не чуваць:

Алена Паланкова: “Мы гэты раз дывідэнды нядрэнна выплацілі. Ну, тысячу на акцыю ў нас. Таму не ведаю, людзі захочуць, не захочуць прадаваць...”

Доля дзяржавы ў Шклоўскім масласырзаводзе складае 51%. Таму ўжо ў наступным годзе можна будзе пабачыць, ці рвануцца акцыянеры прадаваць сваё дабро.

Ганна Карняевіч спадзяецца, што людзі ўсё ж не “ламануцца” развітвацца са сваімі акцыямі. А сярод тых, хто вырашыць прадаць каштоўныя паперы, будуць людзі, якім тэрмінова трэба грошы... на лекі, да прыкладу:

Ганна Карняевіч: “Я спадзяюся, што нашыя грамадзяне не надта кінуцца штосьці прадаваць. Ёсць пенсіянеры, якім патрэбны грошы на лекі. І што, ім чакаць пакуль прадпрыемства заробіць? Таму, гэтыя людзі, напэўна, будуць прадаваць”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў, аднак, лічыць, што з-за таго, што продаж будзе ажыццяўляцца на біржы, бабулькі, якім патрэбны грошы на лекі, проста не будуць шукаць брокера (таксама за грошы, дарэчы) й займацца такой цяганінай:

Леанід Злотнікаў: “Тут ёсць цяжкасці. Продаж будзе цэнтралізаваны: на валютна-фондавай біржы і праз брокераў. І таму бабкі, якім грошы на лекі патрэбны, асабліва прадаваць не будуць”.

Ганна Карняевіч мае надзею, што запрацуе рынак каштоўных папер, з’явіцца канкурэнцыя, пойдуць фінансавыя ўліванні ў эканоміку. На некаторых прадпрыемствах, па яе словах, акцыі можна будзе прадаць нават па 50 долараў за штуку:

Ганна Карняевіч: “Зараз мы цану ўсталёўваем па методыках, праз кошт маёмасці і гэтак далей. Не заўсёды выніковымі таргі атрымліваюцца ў нас. Мы не ведаем, можа цана завышаная, можа, заніжаная. Таму, паглядзім, як рынак згуляе”.

Аднак Леанід Злотнікаў мяркуе, што значных зменаў не адбудзецца. І толькі з-за дзеяння аднаго дэкрэту Беларусь не палепшыць сваё становішча ў рэйтынгу Сусветнага банку. Калі фарміраванне рынку акцыяў усё ж будзе беспаспяховым, спыняць гандаль акцыямі дзяржпрадпрыемстваў, па словах Ганны Карняевіч, ніхто не будзе. Як кажуць, узяўся за гуж...



Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі