Каб разлічыцца з банкам, людзі прадаюць жыллё, але пакупнікоў не знаходзяць

Тым, каго звольнілі або перавялі на скарочаны працоўны тыдзень, пакуль ідуць насустрач, даюць адтэрміноўку па працэнтах або прынамсі не адразу звяртаюцца ў суд
Сям’я, у якой гадавалася двое дзяцей, узяла крэдыт на 36 тысяч долараў і набыла дом пад Мінскам. Грошы пазычылі ў “Прыёрбанку” на дзесяць гадоў. Чатыры гады з выплатай крэдыту праблем не ўзнікала. Пасля разводу жанчына засталася адна з двума дзецьмі. Муж сказаў, што сплочваць крэдыт больш не будзе. Зрабіць гэта адной ёй не пад сілу. Каб разлічыцца з банкам, на продаж давялося выставіць дом. Але за паўгады жадаючых яго набыць так і не знайшлося. Вось што распавядае гаспадыня дома:

“Мы паведамілі банку, што выставім дом на продаж, і гэтую запазычанасць пагасім. Дагэтуль прадаць дом не атрымалася і банк збіраецца забраць дом, які паводле дамовы з’яўляецца прадметам закладу”.

На сённяшні дзень запазычанасць перад банкам складае 25 тысяч долараў, разам з пенёй і іншымі выплатамі атрымліваецца каля 28 тысяч. Банк мог звярнуцца ў суд яшчэ ў красавіку, аднак пайшоў насустрач і чакаў паўгады, працягвае гаспадыня:

“Колькі маглі, столькі плацілі. Заўсёды старалася пагасіць запазычанасць максімальна, каб заставалася толькі на пражытачны мінімум. Нейкі час выплачвалі толькі працэнты, бо рэгулярныя плацяжы былі авансам пагашаны. Адзінае, у чым банк пайшоў на саступкі, — ён не адразу падаў у гаспадарчы суд на зварот закладу. Калі зможаце прадаць дом — так, мы пачакаем. Такі чыста чалавечы момант. Прадайце дом, вярніце грошы. Так асабліва не запужваюць. Прапаноўвалі нават перааформіць запазычанасць. Але мы бралі крэдыт пад 10 працэнтаў, а так стаўка б вырасла да 18 або 20. Згадзіцеся, гэта таксама многа”.

Многія банкі адзначаюць, што з пачаткам крызісу сітуацыя з вяртаннем крэдытаў пагоршылася. Але зваротаў у суд болей не стала. Вось што нам распавялі ў “Беларусбанку”:

“Па-чалавечы падыходзім. Так, сапраўды, сітуацыя змянілася — чалавек захварэў. Мы разглядаем пытанне, пралангуем. Альбо жанчына пайшла ў дэкрэтны адпачынак, яна не можа плаціць — мы робім адтэрміноўку па працэнтах. А наконт таго, каб жыллё забіраць — такога я не чула. Мне думаецца, народ у нас у цэлым вельмі законапаслухмяны. Прадпрыемствы — ёсць закладны, калі прадыемства ўпала. Ёсць такія прэцэдэнты, а да людзей прэтэнзій няма”.

У “Белгазпрамбанку” закладную маёмасць таксама вяртаюць у скрайнім выпадку:

“Крэдытныя праграмы ў банку існуюць, і болей за тое, карыстаюцца падвышанай папулярнасцю. У працы з фізічнымі асобамі праграма “Хуткія грошы” б’е ўсе рэкорды па папулярнасці. Штодня тэлефануюць дзесяткі жадаючых. Што датычыць пратэрміноўкі — так, з пачаткам крызіса цяжкасцяў і ў фізічных, і ў юрыдычных асобаў пабольшала. Але сказаць, што гэта набывае масавы характар, нельга. З тымі, хто дапускае пратэрміноўкі, паступаюць паводле беларускага заканадаўства”.

Апрача таго, у банку ёсць служба бяспекі, якая індывідуальна працуе з пазычальнікамі. Выязджаюць да іх, калі тыя не з’яўляюцца ў банку, праводзяць перамовы. Бывае, што справа даходзіць да суда і тады закладная маёмасць вяртаецца...


Фота — segodnya.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі