Кабякоў: Беларуская эканоміка працуе ў стрэсавых умовах
Эканоміка Беларусі працуе сёння на фоне стрэсавых і неспрыяльных сцэнарыяў развіцця знешніх умоваў. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку аб працы эканомікі за 8 месяцаў бягучага году і аб прагнозе развіцця на 2017 год.
Па словах кіраўніка ўраду, з пачатку года айчынная эканоміка прайшла тры перыяды — стрэсавы перыяд у студзень-лютым пры цане на нафту ў 30 долараў і курсе долара — 80 расійскіх рублёў. Затым, у сакавіку-чэрвені быў перыяд аднаўленчага росту, але ў ліпені-жніўні пачаліся негатыўныя знешнія ўздзеянні з боку Расіі. Гэта звязана са зніжэннем паставак нафты для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ, а таксама ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі ў сельскай гаспадарцы.
Кабякоў таксама адзначыў, што цягам васьмі месяцаў беларуская эканоміка працавала ва ўмовах зніжэння кошту і аб’ёмаў паставак калійных угнаенняў на знешнія рынкі, перадае БЕЛТА.
Сёння Аляксандр Лукашэнка прымае ад ураду справаздачу ад развіцці эканомікі краіны. Падчас гэтага пасяджэння ён заявіў, што спасылкі на знешнія ўмовы не прымаюцца. “Калі мы адстойваем незалежнасць сваёй дзяржавы, то павінны зарабляць уласнай працай, робячы стаўку на ўнутраныя рэзервы, болей за тое — усякія спасылкі, усякія праблемы і складанасці, плануючы бягучы год, мы прадугледжвалі, і не аднойчы, яны ўжо закладзеныя ў нашыя паказнікі”, — сказаў Лукашэнка.