Кабякоў і Мядзведзеў не дамовіліся па нафтагазавай спрэчцы
Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і яго расійскі калега Дзмітрый Мядзведзеў не дамовіліся па нафтагазавай спрэчцы. Іх сустрэча прайшла 30 сакавіка ў падмаскоўных Горках. Беларусь не гатовая ліквідаваць запазычанасць у памеры 700 млн долараў за пастаўлены газ, заявіў кіраўнік Мінэнерга Расіі Аляксандр Новак.
“Закончыліся перамовы па газавым пытанні паміж урадамі Расійскай Федэрацыі і Беларусі, абмеркавалі пазіцыі бакоў, яшчэ раз зверылі бягучую сітуацыю. На жаль, не дамовіліся канчаткова аб урэгуляванні канфлікту”, — цытуе словы Новака РІА “Новости”.
Кіраўнік Мінэнерга Расіі звяртае ўвагу на той факт, што дамовіцца не ўдалося найперш з-за таго, што “беларускі бок не гатовы пагасіць назапашаны доўг без прадастаўлення расійскім бокам істотных прэферэнцый як па цане, так і па тэрмінах, па механізме фармавання кошту”. У Маскве пазіцыю беларускага боку называюць “недастаткова канструктыўнай”.
“Тым не менш перамовы працягваюцца, не мы пачыналі гэты канфлікт, і мы разлічваем на тое, што пазіцыя беларускага боку будзе больш канструктыўнай”, — сказаў Новак.
Як вядома, Беларусь і Расія не могуць дамовіцца пра кошт на расійскі газ з 2016 года. Беларускі бок яго лічыць “несправядлівым” і ў аднабаковым парадку пачаў плаціць за газ па меншым кошце. Пасля гэтага Масква заявіла пра зніжэнне паставак нафты ў Беларусь, а таксама чакае, калі беларускі бок заплаціць запазычанасць за пастаўкі газу.