Кабякоў: Інтэграцыя беларускага МАЗа з расійскім КАМАЗам прыпыненая

Кабякоў: Інтэграцыя беларускага МАЗа з расійскім КАМАЗам прыпыненая

Праект інтэграцыі беларускага МАЗа з расійскім КАМАЗам пакуль прыпынены. Пра гэта ў інтэрв’ю агенцтву РИА Новости заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

“Датычна праекта інтэграцыі МАЗ-КАМАЗ. Прымаючы пад увагу складаныя эканамічныя ўмовы, сфармаваныя на сёння на аўтамабільных рынках членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, у верасні 2015 года ў рамках пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы прынятае рашэнне аб часовым прыпыненні працаў у гэтым кірунку”, — заявіў Кабякоў.

Ён таксама распавёў пра іншыя праекты з удзелам расіян, якія давялося прыпыніць. На думку беларускага прэм’ера, у расійскага боку свае ўяўленні пра інтэграцыю і там асноўны ўхіл робіцца на ўладанне той ці іншай маёмасцю з далейшай перспектывай распараджэння. Беларускі бок наадварот цікавіць эфектыўнасць выкарыстання.

У якасці прыклада Кабякоў прывёў Мінскі завод колавых цягачоў.

“Вельмі перспектыўнае прадпрыемства. Абмяркоўвалі магчымасць продажу кантрольнага пакету пры ўмове, што партнёры ўкладуць гарантаваныя інвестыцыі ў далейшае развіццё гэтага прадпрыемства. Калі спатрэбіцца, то і такія, што ўтрая перавышаюць ацэначны кошт кантрольнага пакета. Спачатку было разуменне. Потым, відаць, сітуацыя крыху змянілася з пункту гледжання поглядаў і магчымасцяў. Нам прапанавалі проста прадаць кантрольны пакет. З аднаго боку, грошы на дарозе не валяюцца, а з іншага — хіба мы за гэта змагаліся?”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Тым не менш пытанне з МЗКТ не закрытае і вядзецца “пошук узаемавыгаднага рашэння”.

Замарожаны і праект аб’яднання “Інтэграла” з кампаніяй “Расійская электроніка”. Гэта звязана з адсутнасцю ў расійскага боку “пэўнасці па крыніцах фінансавання”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі