Качан: “Зараз рабіць прышчэпкі супраць грыпу не мае сэнсу”

Міністэрства аховы здароўя прагназуе, што другая хваля эпідэміі грыпу распачнецца ў краіне ўжо праз які тыдзень. Але прышчапляцца ад яго не раіць Наконт другой хвалі эпідэміі грыпу папярэдзіла галоўны санітарны доктар, намесніца міністра аховы здароўя Валянціна Качан.

Валянціна Качан: “Мы мяркуем, што рост рэспіраторных захворванняў будзе ў канцы студзеня – у пачатку лютага 2010 года”.

Нагадаем, што першая хваля сезоннай эпідэміі грыпу прыйшла да нас раней запланаванага — увосень, а не ў студзені-лютым, як звычайна. Пачалася яна 26 кастрычніка і скончылася толькі праз 5 тыдняў — 29 лістапада. І перахварэлі за гэты час больш за мільён чалавек.

Валянціна Качан: “У кантрольных гарадах звярнуліся па дапамогу з нагоды вострых рэспіраторных захворванняў больш за адзін мільён чалавек, што ў 1,8 раза вышэй за аналагічны перыяд мінулага года”.

Нягледзячы на тое, што самі медыкі прагназуюць другую хвалю захворванняў, рабіць прышчэпкі ад сезоннага грыпу галоўны санітарны доктар не раіць.

Валянціна Качан: “Сёння прышчапляцца супраць сезоннага грыпу няма ніякага сэнсу. Не таму, што вакцына скончылася альбо што яна была набыта ў недастатковай колькасці. А таму, што ёсць тактыка імунізацыі і тэрміны, падчас якіх гэтая імунізацыя будзе эфектыўная”.



Згодна з гэтай тактыкай, кажа намесніца міністра, ад сезоннага грыпу было прышчэплена 1 мільён 44 тысячы 202 чалавекі. А затрымкі з закупкамі неабходнай вакцыны патлумачыла клопатам пра здароўе людзей.

Валянціна Качан: “Закупка вакцын адбывалася толькі пасля рэгістрацыі дадзенай вакцыны ў нас у краіне. Мы не маем права набываць нейкія імунабіялагічныя прэпараты, калі яны не зарэгістраваныя і не прайшлі клінічныя і ўсе іншыя выпрабаванні. У тым ліку і ў нашай краіне”.

Зараз, кажа Валянціна Качан, трэба прышчэплівацца не ад сезонняага, а ад “свінога” грыпу. І дзеля гэтага быў набыты 1 мільён доз вакцыны. Гэтага дастаткова, каб прышчапіць 500 тысяч чалавек. Спецыяльным загадам Міністэрства аховы здароўя вызначылі “групу рызыкі” тых, хто гэтыя прышчэпкі атрымае. Прычым, сцвярджае чыноўніца, вызначалі гэтую групу такім чынам, каб адвесці небяспеку ад усіх грамадзян краіны.

Валянціна Качан: “Імунізацыя “груп рызыкі” супраць высокапатагеннага грыпу А Н1\N1, якая зараз праводзіцца, уключае менавіта тыя кантынгенты, якія ў першую чаргу павінны быць абароненыя для таго, каб забяспечыць жыццяздольнасць нашай краіны”.

Вакцыну набывалі расійскую, за партыю заплацілі 2 мільёны 400 тысяч долараў. Усяго ж, паводле слоў чыноўніцы, на розныя вакцыны летась з рэспубліканскага бюджэту было выдаткавана каля 10 мільёнаў долараў.

Еўрарадыё неаднаразова звярталася да тэмы захворвання людзей на пнеўманію і расказвала пра смяротныя выпадкі ў выніку гэтага захворвання. Але Валянціна Качан адмовілася адказваць на пытанне пра агульную колькасць памерлых ад пнеўманіі.

Валянціна Качан: “Што тычыцца статыстыкі, то я хацела б, каб мы не спяшаліся сёння. Бо менавіта сёння ў нас ўсе вобласці здаюць справаздачы і ўся афіцыйная статыстыка будзе прадстаўлена афіцыйна”.

Але выказала меркаванне, што гэтыя звесткі наўрад ці будуць адрознівацца ад леташніх дадзеных як па захворванні на пнеўманію, так і па смяротнасці ад яе.

Фота: http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі