Качанава: сітуацыю на Віцебшчыне курыруе Каранік, у Мінску — Піневіч
Самае галоўнае цяпер — абарона лекараў. Такую заяву зрабіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. У чацвер яна разам з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам наведала Віцебск, дзе сустрэлася з мясцовым кіраўніцтвам і з медыкамі. Качанава падкрэсліла, што паколькі ў Віцебскай вобласці захворванняў больш, чым у іншых рэгіёнах, ёй надаецца асаблівая ўвага. Мэтай візіту стала размова з медыкамі, каб даведацца "што трэба вырашаць і якую дапамогу аказваць для стабілізацыі сітуацыі", паведамляе sb.by.
На сустрэчы былі агучаныя лічбы па вытворчасці сродкаў індывідуальнай абароны, антысептыкаў для вобласці.
"Сітуацыю ў Віцебскай вобласці будзе курыраваць міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, — гаварыла Наталля Качанава. — Першы намеснік міністра [аховы здароўя] Дзмітрый Піневіч — адказны за горад Мінск, [намеснік міністра аховы здароўя] Алена Богдан — за іншыя вобласці, дзе сітуацыя больш спакойная".
Па словах Качанавай, такое размеркаванне адказнасці дапаможа "хутка і ў рабочым парадку прымаць рашэнні". Яна выказала спадзяванне, што "у бліжэйшы час сітуацыя будзе паляпшацца і па Віцебскай вобласці, і па Мінску". Каранік падкрэсліў, што ўжо некалькі дзён сітуацыя з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі на Віцебшчыне мае тэндэнцыю да зніжэння. Становіцца менш і пацыентаў з пнеўманіямі.
У Беларусі на раніцу 16 красавіка зарэгістравана 4204 выпадкі COVID-19 (сярод іх 116 дзяцей), за суткі колькасць павялічылася на 476. Колькасць памерлых складае 40 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.