Калегія адвакатаў выступіла ў абарону адвакаткі, на якую завялі дзве справы

Калегія адвакатаў выступіла ў абарону адвакаткі, на якую завялі дзве справы

Калегія адвакатаў выступіла ў абарону адвакаткі, якую падазраюць у разгалошванні трэцім асобам матэрыялаў крымінальнай справы і незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі. Жанчына з’яўляецца абаронцай у справе галоўнага інжынера МЗКТ Андрэя Галавача, працягвае працаваць, знаходзячыся пад падпіскай, але не можа выступаць у працэсе па справе свайго падабароннага.

Сітуцыю абмяркоўвалі ўчора на пасяджэнні савета Беларускай калегіі адвакатаў. Старшыня калегіі Віктар Чайчыц пракаментаваў некаторыя дзеянні праваахоўнікаў, што займаюцца цяпер справай Галавача і яго адвакаткі.

Паводле Чайчыца, само паведамленне на сайце МУС пра крымінальную справу сфармулявана некарэктна. Там ёсць фраза “Злачынствы адваката былі задакументаваныя ў той час, калі яна прадстаўляла інтарэсы падследчага Андрэя Галавача”. Старшыня калегіі адвакатаў звяртае ўвагу, што прызнаць чалавека вінаватым можна толькі па прысудзе суда, таму называць непацверджаныя дзеянні “злачынствамі” некарэтна і непрафесійна.

Адвакатка мае 22 гады стажу і спецыялізуецца на вырашэнні складаных катэгорый грамадзянскіх спрэчак, а таксама на абароне ў крымінальных справах па эканамічных злачынствах. У яе дома знайшлі пісталет "Walter mod. 1938 (P.38)" і патроны да яго. Цяпер жанчыне пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Старшыня калегіі адвакатаў кажа, што арганізацыя будзе абараняць свайго чальца “не толькі таму, што гэтага патрабуе закон, але яшчэ і таму, што ведаем яе як высокакваліфікаванага спецыяліста, прафесіянала і прыстойнага чалавека”. Віктар Чайчыц спадзяецца, што калі ў дзеяннях адвакаткі былі нейкія парушэнні, то кампетэнтную ацэнку ім дадуць следчыя органы, суд і органы адвакацкага самакіравання, піша TUT.by

Галоўны інжынер МЗКТ Андрэй Галавач, адвакату якога пагражае крымінальная адказнасць, абвінавачваецца ў атрыманні хабараў на суму ў 192 тысячы долараў і 35 тысяч еўра. Па версіі следства, усе эпізоды справы датычаць перыяду з 2008 па 2015 год.

У лютым 2018 года Галавачу вынеслі апраўдальны прысуд, але адразу ж затрымалі па падазрэнні ў іншым карупцыйным злачынстве. Ён знаходзіцца за кратамі ў СІЗА пяты год. Сваёй віны Галавач не прызнае.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі