Калгасы просяць падвысіць цану на малако ў 2 разы

Міністэрства сельскай гаспадаркі прапанавала падняць закупачныя цэны на малако і мяса на 25%. Бо калі гэтага не зрабіць, пачнецца “вываз прадукцыі за мяжу”, як гэта было на пачатку восені. У саміх калгасах жа кажуць, што, каб вытворчасць малака стала рэнтабельнай, закупачную цану трэба падняць ажно ў два разы.
Еўрарадыё запытала ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і іншых экспертаў, ці сапраўды беларусы п’юць нерэнтабельнае малако.

У аддзеле па цэнах Міністэрства сельскай гаспадаркі Еўрарадыё сказалі, што гаварыць цяпер пра тое, дае вытворчасць малака прыбытак альбо не, рана. Але па папярэдніх падліках за 2007 год, выраб малака ў Беларусі быў стратным:

“А хто вам цяпер скажа? Справаздачы ж за студзень няма. Была рэнтабельнасць, якую чакалі за 2007 год. Калі не ўлічваць надбаўкі, яна была стратнай”.

У калгасе вёскі Вішнева Еўрарадыё паскардзіліся на цяжкае становішча і папрасілі павялічыць закупачную цану… у два разы! Кажуць, што крамы ад продажу малака грошы маюць, а вось калгасы застаюцца ні з чым:

“У мяне 580 выйшаў сабекошт… Ну хаця б 680-700 рублёў быў. Атрымоўваецца, мы здаем малако за 600 рублёў. Гэта вышэйшы гатунак. А ў крамах яно ж не 600 рублёў каштуе, а 1300, там дзе тлустасць 3,2%. Таму мы і стратныя.
Калі цэны павялічацца, дык будзе рэнтабельным. Для нас, каб вы яе ў два разы паднялі, нам бы было добра”.

Яшчэ горшае становішча ў вёсцы Вішнева з мясам, у прыватнасці — ялавічынай. У студзені яе рэнтабельнасць была ажно мінус 51%. Па малацэ ж удалося выйсці на плюс, але гэта стала магчымым за кошт бюджэтных надбавак, распавяла Еўрарадыё бухгалтар калгасу:

“За студзень рэнтабельнасць малака атрымалася +15%, а мяса, ялавічыны мінус 51%. Па малацэ плюс выйшаў за кошт надбавак, якія нам даюць на сельгаспрадукцыю за бюджэтныя грошы. Гэтым і перакрываецца. За кошт гэтых надбавак выходзіць малако прыбытковае…”

Калгасы просяць падвысіць цэны ў два разы, а ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі канкрэтных лічбаў і тэрмінаў пакуль не ведаюць:

“Няма ні канкрэтнай лічбы, ні канкрэтных тэрмінаў. Яшчэ ўсё на ўзроўні прапрацоўкі”.

Але неабходнасць такая ёсць, кажуць у міністэрстве — кошты на газ і іншыя рэсурсы растуць:

“Неабходнасць ёсць. Ацяпленне расце, кошт на газ расце, энэргія расце... Растуць рэсурсы, чымсьці ж трэба гэта кампенсаваць”.

Эканаміст Аляксандр Чубрык кажа, што вытворчасць малака ў Беларусі неэфектыўная:

“Куды нам з нашымі худымі каровамі казаць, што ў нас вытворчасць малака рэнтабельная”.

Але тое, што цэны трэба падвышаць таму, што растуць выдаткі, эксперт называе “адмазкамі” ўраду:

”Я думаю, сельская гаспадарка газу амаль што не набывае, хіба што толькі для весялосці. Таму, я думаю, што ў сельскай гаспадарцы выдаткі на газ блізкія да нуля. Ім спрабуюць даць больш грошай праз гэта падвышэнне цэнаў, проста каб яны маглі займець нейкія вольныя грошы і накіраваць іх на інвестыцыі.

А ўсе гэтыя “адмазкі” ўраду, што трэба падвышаць цэны, таму што растуць выдаткі… Усё гэта не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці”.

Па словах эксперта, калі падвышаць цэны на прадукты харчавання ўвесь час, пакуль цана газу для Беларусі будзе расці, то хутка цэны ў нас атрымаюцца вышэй, чым у Брытаніі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі