Калі чакаць чарговага падаражання бензіну і дызелю?
Кошт на паліва ў Беларусі прывязалі да курса долара. Долар вырас на 2%. У “Белнафтахіме” расказваюць, што для перагляду коштаў чакаюць “істотных змен"
За апошнія тры месяцы на сусветным рынку нафта згубіла ў коштах прыкладна чвэрць. На Захадзе чакаюць паніжэння коштаў на паліва. Але Беларусь гэтыя змены, хутчэй за ўсё, не закрануць, бо ў верасні “Белнафтахім” прывязаў цану на бензін да амерыканскай валюты. Індыкатарнай маркай паліва вызначылі АІ-92-К5-Еўра, літр якога цяпер мусіць каштаваць эквівалентна 1 долару. Але курс амерыканскай валюты ў Беларусі змяняецца штодня. Калі чакаць чарговага перагляду коштаў на бензін і дызельнае паліва?
“Такія пытанні прымаюцца па меры неабходнасці, — адказвае прэс-сакратар “Белнафтахіма” Марына Касцючэнка. — Калі ўмовы, пры якіх праца нафтаперапрацоўчых заводаў і АЗС істотна не змяняюцца, то і кошты застаюцца ранейшымі. Калі ёсць пэўныя нюансы, якія трэба падкарэктаваць, то і кошты змяняюцца. Пакуль пытанне пра перыядычнаць зменаў — на стадыі вырашэння”.
На пытанне, што такое “істотныя змены” ды “пэўныя нюансы” Марына Адамаўна адказвае вобразна:
“Напрыклад, вы ідзяце ў краму, калі ў вас скончыўся хлеб. Бо ў вас ёсць такая патрэба арганізму — паесці. Вось, калі такая патрэба ўзнікае, калі істотныя змены адбываюцца, тады пераглядаюцца кошты”.
З 1 лістапада за 92-гі бензін бяруць 10 600 рублёў. Але на сённяшні дзень курс долара да беларускага рубля — 10 820. То бок ён вырас крыху больш чым на 2%. Улічваючы, што ўсе папярэднія павышэнні коштаў на бензін былі прыкладна на 5%, то можна меркаваць, што наступнае падаражанне варта чакаць, калі долар пяройдзе планку ў 11 100 рублёў. Але цалкам верагодна, што змены адбудуцца і на пачатку новага квартала — 1 студзеня.
Фота: news.niti.biz