Калі Мядзведзеў прыедзе з Пуціным у Мінск, ён стане наступным прэзідэнтам

Уладзімір Пуцін сёння назваў сваім пераемнікам першага віцэ-прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева. Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў упэўнены, што ў выпадку абрання Мядзведзева новым прэзідэнтам адносіны Расіі да Беларусі не зменяцца. Сёння прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў сваім пераемнікам Дзмітрыя Мядзведзева, першага віцэ-прэм’ера краіны.

"Я вельмі блізка знаёмы з ім ужо больш за 17 гадоў і цалкам падтрымліваю гэтую кандыдатуру," — заявіў расійскі прэзідэнт.

Еўрарадыё папрасіла пракаментаваць заяву Уладзіміра Пуціна расійскага палітолага Андрэя Суздальцава. На ягоную думку, знешнепалітычны курс у адносінах да нашай краіны не зменіцца. Прычым, калі Дзмітрый Мядзведзеў паедзе з Пуціным у Мінск, тады канчаткова стане зразумела, хто будзе наступным прэзідэнтам Расіі:

Андрэй Суздальцаў: “Тое, што цяпер гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін перад пачаткам перадвыбарчай кампаніі, нельга ўспрымаць адназначна. Гэта вельмі складаная сітуацыя, таму тое, што ён назваў імя Дзмітрыя Мядзведзева? – добра, толькі гэта нічога яшчэ не значыць.

Усё будзе вырашацца пасля дваццатых дзён снежня, гэта першае. Наконт адносін Мядзведзеў – Беларусь: гэта той варыянт, калі будзе яўная пераемнасць. Таму што Мядзведзеў знаходзіцца ў бліжэйшым атачэнні прэзідэнта, таму ў курсе ўсіх рашэнняў, якія прымае Пуцін у адносінах да Беларусі.

Калі яшчэ спадар Мядзведзеў апынецца ў складзе дэлегацыі Пуціна ў Мінску, тады ўсё стане канчаткова зразумела, і усе пытанні знікнуць”.


Аднак, па словах палітолага, для самой Расіі асоба Мядзведзева на пасадзе прэзідэнта не будзе азначаць пераемнасці ва ўнутранай палітыцы:

Андрэй Суздальцаў: “Пуцін для Расіі ўвасабляе стабілізацыю ва ўсіх сферах. З новым прэзідэнтам нашая краіна чакае і новых арыенціраў у развіцці, таму што проста стабілізацыя ўжо не задавальняе пэўныя бізнес-колы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі