Каля Чырвонага касцёла зноў прайшлі затрыманні
Чарговая акцыя пратэсту прайшла ўвечары 27 жніўня на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёла.
Як перадае з месца падзеяў журналістка Еўрарадыё, вакол плошчы шмат амапаўцаў. Адзін шэраг амапаўцаў стаў нават уздоўж Чырвонага касцёла.
Праз нейкі час пачаліся затрыманні. Як і напярэдадні, сілавікі затрымліваюць мужчын, а жанчын пакідаюць. Таксама затрымліваюць журналістаў — ёсць звесткі, што затрымалі дзевяцярых. Жанчыны абараняюць мужчын ад затрымання. Яны скандуюць: "Ганьба!"
Напярэдадні амапаўцы таксама затрымалі некаторых удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці. Пры гэтым яны блакавалі дзверы ў Чырвоны касцёл, зачыніўшы там каля 100 чалавек. Кіраўніцтва касцёла ў Беларусі выказала пратэст супраць такіх дзеянняў. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч запатрабаваў правесці расследаванне і пакараць вінаватых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.