Калякін: Радзькоў актыўна выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс

Актывісты кампаніі “За справядлівыя выбары-2010” пішуць для Цэнтрвыбаркама праекты пастаноў, патрабуюць адклікаць частку сабраных за Лукашэнку подпісаў, абвінавачваюць кіраўніка яго штаба ў выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу і вучаць будучых назіральнікаў. Кампанія “За справядлівыя выбары-2010”, якая аб’яднала палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і праваабаронцаў, актыўна рыхтуецца не толькі да назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, але і складае для Лідзіі Ярмошынай праекты пастаноў Цэнтрвыбаркама. Як патлумачыў Еўрарадыё каардынатар кампаніі Віктар Карняенка, у гэтых дакументах прапісаныя прапановы па рэальнай дэмакратызацыі выбарчых працэсаў.

Віктар Карняенка:
“Мы не патрабуем зменаў выбарчага заканадаўства. Зразумела, што падчас правядзення выбараў гэтым займацца немагчыма. Мы звяртаемся да Цэнтральнай выбарчай камісіі з такой прапановай: зрабіць нейкае аднолькавае тлумачэнне палажэнняў закона. Каб па ўсёй краіне гэты закон прымяняўся аднолькава”.

Такіх пастановаў сябры кампаніі падрыхтавалі шэсць. Найперш, зроблена прапанова па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій. У адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, гэтыя камісіі складаюцца з прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў і вылучэнцаў шляхам збору подпісаў. Паводле словаў Віктара Карняенкі, яны прапаноўваюць найперш уключаць у склад камісій сябраў палітычных партый. І толькі калі застануцца вакантныя месцы — аддаваць іх іншым вылучэнцам.

Патрабуюць актывісты кампаніі таксама забяспечыць усіх кандыдатаў у прэзідэнты роўнымі правамі падчас выбарчай кампаніі.

Віктар Карняенка: “Усе кандыдаты ў прэзідэнты павінны мець роўныя правы адначасова ўдзельнічаць у сустрэчах з выбаршчыкамі. Вы ж ведаеце нашую практыку: часам кандыдаты ў стане, падключыўшы ўсю дзяржаўную машыну, збіраць усе магчымыя мерапрыемствы, а астатнія такой магчымасці пазбаўленыя. Тое самае тычыцца і агітацыйных матэрыялаў — усе павінны мець роўныя правы распаўсюджваць сваю друкаваную прадукцыю”.



Наступныя праекты пастаноў прадугледжваюць магчымасць самастойна выбіраць кандыдатам форму свайго тэлевізійнага выступу, а не абмяжоўвацца прапанаванай тэлебачаннем. Апроч таго, яны патрабуюць забяспечыць назіральнікаў магчымасцю насамрэч назіраць за падлікам галасоў. А таксама распісалі свае прапановы па працэдуры падліку галасоў на ўчастку і запатрабавалі, каб падчас датэрміновага галасавання пячаткі на скрынях для галасавання замацоўваліся подпісамі ўсіх сябраў камісіі.

Але не толькі “законатворчасцю” займаюцца актывісты кампаніі. Як кажа лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, яны працягваюць дабівацца прызнання таго, што ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі была зарэгістравана незаконна. І адказ ЦВК на першы зварот з гэтай нагоды іх не задаволіў.

Сяргей Калякін: “Найперш, мы не згодныя з тым, што яны не бачаць у законе выразна напісанага палажэння пра тое, што чалавек, які збіраецца стаць кандыдатам, асабіста павінен прыйсці ў Цэнтральную выбарчую камісію. Гэта абсурд — там выразна гэта прапісана”.

Усе тлумачэнні Ярмошынай, якімі яна апраўдала рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Лукашэнкі кіраўніком яго штаба па даверанасці, Калякін назваў не вартымі ўвагі. Кажа, у дадзеным выпадку ЦВК займаецца трактоўкай закона, а такога права ў іх няма.

Апроч таго Калякін абвінаваціў ЦВК у няроўным стаўленні да кандыдатаў. У якасці прыклада прывёў папярэджанне Ўладзіміру Някляеву за дачасную агітацыю.

Сяргей Калякін: “У той жа час мы маем шмат фактаў, калі грамадзяне звяртаюцца і да нас, і ў Цэнтрвыбаркам з тым, што група Лукашэнкі груба парушае выбарчае заканадаўства падчас збору подпісаў. У прыватнасці, калі подпісы збіраюць не сябры ініцыятыўнай групы”.

Зыходзячы з гэтага, актывісты кампаніі патрабуюць ануляваць усе подпісы за Лукашэнку, якія былі сабраныя людзьмі, што ў ініцыятыўную групу не ўваходзяць. Да таго ж Калякін звярнуў увагу на факт выкарыстання Аляксандрам Радзьковым адміністрацыйнага рэсурсу. Найперш, да збору подпісаў прыцягнута вельмі шмат настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ. І тут, кажа палітык, відавочна рука кіраўніка штаба дзеючага прэзідэнта — міністра адукацыі Аляксандра Радзькова.

Займаецца кампанія “За справядлівыя выбары-2010” і падрыхтоўкай будучых назіральнікаў. Паводле словаў Карняенкі, яны ўжо сабралі групу спецыялістаў, якія будуць ездзіць па рэгіёнах і дзяліцца з мясцовымі каардынатарамі кампаніі сваім досведам працы ў выбарчых камісіях падчас мінулых выбараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі