Камбат Сяменчанка патрабуе нанесці па баевіках "магутны сустрэчны ўдар"

Увесь дзень 17 лютага ў Дэбальцаве ў Данецкай вобласці Украіны працягваліся жорсткія баі. Каля 5-6 тысяч украінскіх байцоў з Узброеных сілаў, Нацыянальнай гвардыі, іншых фармаванняў працягваюць трымаць абарону ў акружэнні. Прарасійскія баевікі атакуюць з усіх бакоў, яны захапілі частку горада, уключна з чыгуначным вакзалам, гараддзелам міліцыі, будынкам гарадской адміністрацыі. Украінскі бок сцвярджае, што пад Дэбальцава баевікі з "ДНР" і "ЛНР" сцягнулі практычна ўсе рэзервы і што там дзейнічаюць таксама рэгулярныя часткі расійскай арміі.

Як вядома, з 15 лютага, паводле мінскіх дамоўленасцяў, на Данбасе мусіў быць спынены агонь. Аднак баевікі лічаць Дэбальцава "сваім" і гатовыя захапіць яго любым коштам. Артылерыя ў значнай ступені разбурыла горад. Невядома, колькі мірных жыхароў адмовілася эвакуявацца і засталося на месцы. Няма звестак і пра колькасць загінулых і параненых украінскіх байцоў. Сувязі з усімі падраздзяленнямі, якія вядуць баі ў горадзе, ва ўкраінскага камандавання няма.

Тым часам, у абаронцаў сканчаюцца боепрыпасы, а падвозу іх практычна няма — адзіная дарога, па якой прарываюцца грузавыя машыны, знаходзіцца пад абстрэлам баевікоў, у розных месцах знаходзяцца засады. У адну з іх патрапіла група спецназаўцаў, якая суправаджала груз у горад. Калі ў выніку боя боепрыпасы скончыліся, украінцы здаліся. Расійскія СМІ паведамляюць пра дзясяткі і нават сотні палонных украінскіх салдат. Кіраўнікі баевікоў звяртаюцца да абаронцаў Дэбальцава з прапановай скласці зброю, абяцаюць захаваць ім жыццё.

Кіраўніка "ДНР" Захарчанку паранілі ў Дэбальцава

Паводле радыёперахопу, немалыя страты пад Дэбальцава панеслі рэгулярныя расійскія падраздзяленні. За 17 лютага гэта, як мінімум, 40 чалавек забітымі.

Ці рыхтуе ўкраінскае камандаванне аперацыю па разблакаванню акружаных у Дэбальцава войскаў, невядома. Камандзір батальёна "Данбас", дэпутат Вярхоўнай Рады Сямён Сяменчанка патрабуе тэрмінова нанесці па баевіках "магутны сустрэчны ўдар", разблакаваць гарнізон горада і выраўняць лінію фронту. "Мы гатовыя выканаць любы загад. Мы не дапусцім ніякай панікі, але надышоў час дзейнічаць", — піша Сяменчанка ў Facebook.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, украінскія вайскоўцы ў Дэбальцава атрымалі загад знішчаць тэхніку і малымі групамі прарывацца на поўнач, да сваіх войскаў. Ці адпавядае гэта сапраўднасці, стане вядома ўжо раніцай. Як вядома, украінскія вайскоўцы ў Дэбальцава яшчэ ўдзень у аўторак прасілі падтрымку і сцвярджалі, што змогуць пратрымацца не больш за 12 гадзін.

Тым часам, украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка працягвае апеляваць да міжнароднай супольнасці. У тэлефоннай размове з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель ён заявіў пра "цынічную атаку на мінскія дамоўленасці". Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падчас знаходжання з візітам у Венгрыі сказаў, што разлічвае, што кіеўскае кіраўніцтва не перашкодзіць украінскім вайскоўцам у Дэбальцава скласці зброю. Ён адзначыў, што спроба прарыву з горада не ўдалася. Паводле слоў Пуціна, Захад ужо пастаўляе зброю ва Украіну.

Дзень 17 лютага скончыўся прыняццём Саветам бяспекі ААН прапанаванай Расіяй рэзалюцыі ў падтрымку мінскіх дамоўленасцяў аб урэгуляванні крызісу ва Украіне.

Фота: Reuters, AP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі