Кампанія Geely адклікае ў Расіі 400 аўтамабіляў Emgrand 7, сабраных у Беларусі
Кітайская кампанія Geely адклікае 401 аўтамабіль Geely Emgrand 7, прададзены ў Расіі, піша сайт "За рулём". Магчымая няспраўнасць у аўтамабілі — недастатковая надзейнасць злучэння карданнага вала рулявой калонкі з валам рулявой рэйкі.
Паведамляецца, што пад адкліканне трапілі аўтамабілі, прададзеныя з 9 чэрвеня па 1 снежня 2016 года. Дарэчы, гэтыя аўтамабілі выпускае завод "Белджы", размешчаны ў Барысаве. Гэтую мадэль сталі выпускаць сёлета ў траўні.
Афіцыйныя дылеры Geely у Расіі запросяць уладальнікаў аўтамабіляў, якія трапляюць пад адкліканне, у сэрвісны цэнтр для бясплатнай праверкі. За кошт вытворцы на аўтамабілях будзе зробленая праверка, пры неабходнасці на іх пераўсталююць карданны вал рулявога кіравання.
На самім заводзе "Белджы" журналістам Еўрарадыё каментар атрымаць не ўдалося: там спаслаліся на тое, што скончыўся працоўны дзень.