Кампраміс Brutto: з БЧБ за пазухай і без "Жыве Беларусь!"

Кампраміс Brutto: з БЧБ за пазухай і без "Жыве Беларусь!"

Замежныя зоркі

У верасні 2011 года Сяргей Міхалок сказаў у інтэрв'ю, што Аляксандра Лукашэнку трэба судзіць за тое, што ён ненавідзіць свой народ. Супраць музыкі распачалі крымінальную справу за абразу прэзідэнта, яму пагражала пяць гадоў турмы. Тады ён з'ехаў з краіны. З той пары беларускія гледачы бачылі "Ляпісаў", а пасля і Brutto, толькі ў блізкім замежжы — у Вільні, Кіеве, Варшаве ды Смаленску.

Увесь гэты час гурт Brutto існаваў за межамі Беларусі. Мяркуючы па коштах на квіткі на гомельскі канцэрт — да беларускага гледача Міхалок і кампанія вяртаюцца ў статусе замежных зорак. Фан-зона — 75 рублёў, танцпол — 57, сектары — ад 32 да 64 рублёў. Беларускія рок-музыкі каштуюць у 5-7 разоў танней.

Але доўгае чаканне робіць сваю справу. Ужо ў 18:00 чарга з гледачоў пятляе праз плошчу перад ўваходам у Лядовы палац. Гардэроб разлічаны на 1500 чалавек. Бабулі ўпрошваюць усіх здаваць некалькі куртак на адзін нумарок, але месца ўсё роўна заканчваецца вельмі хутка. Пазней у гардэробе нам скажуць, што прынялі недзе 4 тысячы куртак. Арганізатары пахваляцца лічбай у 5,5 тысяч гледачоў, але ўжо ў яе паверыць складана.

Як і належыць вялікім зоркам, у Brutto ёсць разагрэў. І гэта непаразуменне вечара: першымі на сцэну выходзяць Drum Ecstasy, чый лідар — Філ Чмыр — лічыць, што беларусам гвалтоўна навязваюць беларускую мову. З аднаго боку, выбар Міхалка зразумелы: DE пачалі ездзіць з Brutto з самага заснавання гурта, два гады таму. З іншага — для гучнага вяртання на радзіму ўсё ж можна было прыдумаць лепшы варыянт.

Кампраміс Міхалка

У Лядовы палац мы трапляем за чатыры гадзіны да канцэрта. Цяпер сюды яшчэ пускаюць без квіткоў. Сцены ўжо вібруюць ад "Будзь смелым", "Гары" ды "Underdog", якія Brutto абкатвае на саўндчэку. У холе кучкуюцца хлопцы і дзяўчаты, якія выйгралі права сустрэцца з Сяргеем Міхалком перад канцэртам. Побач праходзіць Віталь Гуркоў, пасля — басіст Brutto "Дыня" — ці то іх ніхто не пазнае, ці то яны не цікавыя фанатам, якія чакаюць Міхалка. Яшчэ ў холе палаца — дзясяткі аднолькавых крэпкіх хлопцаў. Хіба што адны — у плямістай форме, іншыя — у скураных куртках.

Па нашых сціплых ацэнках, 5-10% ад гледачоў на канцэрце — сілавікі. Гэта непазбежная ўмова кампрамісу, на які пайшоў гурт.

Пра іншыя ўмовы застаецца толькі здагадвацца. Фанаты жыва абмяркоўваюць, чаму Лукашэнка дараваў Міхалку. Адны кажуць, што Brutto перамаглі: даказалі, што забарона толькі робіць іх больш папулярнымі. Іншыя ўпэўненыя, што дазвол канцэрта — гэта нечаканы ўскосны эфект "газавай вайны" паміж Беларуссю і Расіяй.

Кампраміс Brutto: з БЧБ за пазухай і без "Жыве Беларусь!"

Ёсць і яшчэ больш неверагодная версія: канцэрт Brutto дазволілі 29 кастрычніка, каб людзі з'ехалі з Мінска і не змаглі паўдзельнічаць ў акцыі ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якая ў той жа вечар прайшла на прыступках будынка КДБ.

Увесь канцэрт музыкі, здаецца, спецыяльна стрымліваюць сябе, каб не ляпнуць чаго лішняга. Дзяжурныя крычалкі паміж песнямі гучаць па сцэнарыі, Brutto — гэта крута, усе справы. Але ці прагучала са сцэны хаця б раз "Жыве Беларусь!", без якога не абыходзіўся ні адзін канцэрт у перыяд заходу "Ляпісаў"? Мы не чулі. Толькі ў самым канцы выступу, калі жонка Сяргея Міхалка прыносіць да сцэны іх маленькага сына Макара, спявак расчульваецца і кажа некалькі слоў ад сябе — пра еднасць і гарачыя сэрцы фанатаў і пра тое, што на чарзе — новыя гарады.

Падарожжа ў мінулае

Мэсадж "Трубы будуць" з афішаў канцэрта, як выявілася, расшыфроўваецца як "Будзем спяваць "Ляпісаў". Канцэрт атрымаўся вандроўкай у мінулае. Спачатку — свежачок ад Brutto, а чым далей — тым глыбей: "Воины света", "Я верю", "Манифест", "Рамонкі", "Капитал". Але гэта было падарожжа не проста ў мінулае, дзе быццам бы яшчэ існуе гурт "Ляпіс Трубяцкі". Мы вярнуліся амаль на шэсць гадоў назад — да той кропкі, калі з беларускіх сцэн прыбралі Сяргея Міхалка. Увесь гэты час наш шоў-бізнес неяк плыў без яго. А пазбавіць шоў-бізнес такіх драйвераў, як Міхалок, Вайцюшкевіч ды Вольскі, гэта ўсё роўна, што адпіліць чалавеку нагу. Цяпер давядзецца вярнуцца і пражыць апошні час нанова: з Brutto, але без Вайцюшкевіча з Вольскім, якім сістэма так і не дазволіла з сабой паразумецца.

Публіка яшчэ не верыць у сваё шчасце і асцярожнічае. На "Родны край" фан-зона расквітае БЧБ-сцягамі, якія шмат у каго такі атрымалася пранесці ў зал. У некаторых сілавікі сцягі адбіраюць, а на выхадзе вяртаюць назад. Гледачы тым часам хаваюць забароненую атрыбутыку ўжо на наступнай песні, якой апынуліся "Гири". На ўсялякі выпадак.

Кампраміс Brutto: з БЧБ за пазухай і без "Жыве Беларусь!"

Так па-партызанску сцягі будуць даставаць яшчэ двойчы: на "Воины света" і на "Манифест". У выніку самыя смелыя пакідаюць іх на плячах і ходзяць на вачах у АМАПаўцаў. Тыя, зноў жа, нікога не чапаюць. Усё гэта адбываецца тут, у Беларусі. Але гэтая дазволеная свабода не прыносіць асалоды. І тым больш, яе немагчыма параўнаць з атмасферай на ранейшых канцэртах Brutto, куды ехалі, каб быць "пры чым" — узнавіць справядлівасць і спрычыніцца да забароненага, а значыць — жаданага ўдвая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі