Камунальнікі хочуць, каб людзі летам плацілі за зімовае ацяпленне

А для гэтага агульную суму платы за жыллёва-камунальныя паслугі разнесці на 12 месяцаў. Але эканамісты лічаць, што такім чынам нас хочуць прымусіць плаціць больш, чым трэба Начальнік аддзела энергетыкі Мінгарвыканкама Анатоль Лаўнічук прапанаваў, каб і летам, і зімой аплата жыллёва-камунальных паслуг была аднолькавая. Як вядома, зараз з-за ацяплення плата гэтая ўзімку большая. Чыноўнік Мінгарвыканкама прапануе агульную суму за год “распісаць” на 12 месяцаў. Нібыта для таго, каб дапамагчы энергетыкам. Пра гэта Еўрарадыё расказала вядучы спецыяліст аддзела энергетыкі Мінгарвыканкама.

Спецыяліст Мінгарвыканкама:
“Пакуль насельніцтва пачне праплаты, а яны ж ужо спажываюць цяпло, а налічэнне ідзе пазней, а не наперад, і гэта вельмі балючы разрыў для энергетыкаў. А яны ж праплачваюць той жа газ і нафту, закупкі ў Расіі робяць. Разлічваюць — гэта першачарговыя плацяжы. І таму ім даводзіцца браць дзесьці крэдыты, пакуль пойдзе збор сродкаў з насельніцтва”.

Вось толькі якім чынам будуць ісці разлікі, як будуць вылічваць, колькі трэба плаціць, у Мінгарвыканкаме не ведаюць.

Спецыяліст Мінгарвыканкама:
“Будзе метода разліку. Не будзе так, што ўсталявалі нейкую месячную плату. Так, нейкая энная сума бярэцца, а потым будзе паводле паказанняў — групавы ж лічыльнік на дом стаіць. Усё адно цяпло лічыцца. І нейкі будзе пераразлік. Можа быць, у летні перыяд, у травеньскі. Я не ведаю — гэтае пытанне стаіць у прапрацоўцы. Усё адно насельніцтву, калі яно запазычыла ці пераплаціла нейкія сродкі, пераразлік будзе рабіцца”.

Згодна са словамі чыноўнікаў Мінгарвыканкама, гэтая ідэя не з’яўляецца арыгінальнай. Нібыта, і Нямеччына, і Галандыя бяруць плату паводле такой жа схемы. Але як даведалася Еўрарадыё з матэрыялаў расійскай прэсы, паводле такой жа схемы збіраюць грошы з людзей і камунальнікі ў Расіі. Вось толькі пераважная большасць матэрыялаў у расійскіх СМІ прысвечана таму, як людзей камунальнікі дураць. Выкарыстоўваючы дзеля гэтага розныя схемы, пры якіх нават групавыя лічыльнікі, што стаяць у кожным доме, не дапамагаюць. Згодна з падлікамі расійскіх экспертаў, пасля таго, як суму аплаты “распісалі” на 12 месяцаў, людзі пачалі плаціць на 25% больш, чым раней.

Цікава яшчэ і іншае. Па словах спецыяліста аддзела энергетыкі Мінгарвыканкама, выступаючы з такой прапановай, яны клапаціліся пра энергетыкаў і камунальнікаў. Але ў Мінгарвыканкама, маўляў, была толькі падказка, як выправіць сітуацыю. Далей справа за зацікаўленымі арганізацыямі.

Спецыяліст Мінгарвыканкама:
“Мы такое рашэнне прыняць не можам. Гэта будзе прымацца на ўзроўні ўрада. Мы звернемся ў адпаведныя інстанцыі — у той жа Мінэнерга, які нясе страты ў гэты перыяд запуска ацяплення, тых жа камунальнікаў. Гэта яны павінны звярнуцца ва ўрад і прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці такіх налічэнняў цягам усяго года”.

Сапраўды, інфармацыя міністра энергетыкі Аляксандра Азярца сведчыць, што страты гэтай галіны з-за недаплаты насельніцтва сёння складаюць 900 мільярдаў рублёў. Але паводле слоў кіраўніцы прэс-службы Мінэнергетыкі Людмілы Зяньковіч, іх міністэрства не мае да ініцыятывы Мінгарвыканкама ніякага дачынення.

Людміла Зяньковіч: “Гэта яны так лічаць, вось да іх і звяртайцеся па ўсе тлумачэнні. А я вам не буду даваць на гэты конт ніякіх каментароў”.

Нічога пра ініцыятыву Мінгарвыканкама не здолела сказаць і начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алена Дудзінская.

Алена Дудзінская: “Мы такой прапановы не разглядалі. Будзе прапанова, будуць разлікі — будзем разглядаць. А зараз я нават не магу нічога канкрэтнага пракаментаваць”.

На думку ж эканаміста Сяргея Чалага, у прапанове чыноўнікаў Мінгарвыканкама няма нічога карыснага ні для людзей, ні для энергетыкаў. Гэта, кажа ён, не больш як спроба распрацаваць нейкую “шэрую” схему, з дапамогай якой камунальнікі змогуць браць з людзей грошы за не аказаныя паслугі.

Сяргей Чалы: “Ніякага сэнсу ў гэтым няма. Наадварот: чым больш дэталізаваныя будуць нашы жыроўкі, тым лепш. Выдатна будзе бачна, за што чалавек заплаціў кожны канкрэтны месяц. Напрыклад: энергаёмістасць такая, тэмпература была такая ў трубах, тады ўключылі ацяпленне і гэтак далей. А такая схема толькі дазваляе хаваць неэфектыўнасць нашага ЖКГ”.

Эканаміст лічыць, што за кошт летніх пераплат людзей хочуць прымусіць крэдытаваць камунальнікаў і энергетыкаў. Але, кажа, мы павінны плаціць за аказаныя паслугі, а не за абяцанні іх калісьці аказаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі