Канапацкая параўнала Бабарыку на пасадзе прэзідэнта з педафілам у дзіцячым садку
Ганна Канапацкая / Еўрарадыё
Менеджар "Газпрама" не можа быць прэзідэнтам Беларусі. Пра сваё стаўленне да Віктара Бабарыкі экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і вылучэнка ў прэзідэнты Ганна Канапацкая заявіла ў эфіры тэлеканала "Белсат".
Па словах Канапацкай, вылучэнне ў прэзідэнты былога кіраўніка "Белгазпрамбанка" недапушчальнае — гэта параўнальна з працай педафіла ў дзіцячым садзе.
"Я шчыра перакананая ў тым, што менеджар "Газпрама" не можа быць прэзідэнтам нашай краіны. Гэта раўназначна таму, што педафіл не можа быць выхавальнікам у дзіцячым садку. Незалежнасць Беларусі не прадаецца", — заявіла Канапацкая.
Ганна Канапацкая першая з альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла, якая публічна выказалася негатыўна пра вылучэнне Віктара Бабарыкі. Раней па банкіру "прайшоўся" толькі Аляксандр Лукашэнка, але не называючы яго прозвішча. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы намякнуў, што той зарабіў грошы "ашуканскім чынам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.