Канцэрт на Дзень Волі ў Слуцку завяршыўся затрыманнем арганізатараў
У Слуцкім гарадскім доме культуры 25 сакавіка адбыўся дазволены ўладамі канцэрт да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. На ім выступілі бард Зміцер Бартосік, гурт "ХараЧакра" з Салігорска і Алесь Дзянісаў з гурта "Dzieciuki"
Пасля яго завяршэння арганізатараў затрымалі па дарозе ў Мінск і некаторых з іх аштрафавалі.
У каментары слуцкаму выданню kurjer.info арганізатарка канцэрта Аліна Нагорная распавяла, што яна ехала ў машыне, калі яе затрымалі і паведамілі, быццам яна няправільна пераходзіла дарогу.
Разам з ёй затрымалі яшчэ некалькіх чалавек, паведаміў у сацсетках грамадскі актывіст Пятро Маркелаў. Гэта Алесь Лагвінец, Аляксандр З., Уладзімір Бараноўскі і Ілля Буткін. Усіх даставілі ў Слуцкае РАУС.
Праз некаторы час міліцыянты вызвалілі затрыманых. Нагорная, Бараноўскі і Буткін аштрафаваныя — нібыта за пераход вуліцы ў недазволеным месцы.