Кандыдата ў адзіныя апазіцыя абірае рэйтынгам: ад Мілінкевіча да Лукашэнкі
Сярод сябраў БНФ найбольшы рэйтынг у Мілінкевіча, камуністы “Справядлівага свету” яшчэ вызначаюцца каго падтрымаць, Калякіна ці Лукашэнку
Сваім кандыдатам на “адзінага” ад апазіцыі сябры Партыі БНФ назвалі… лідара Руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Такі вынік “рэйтынгавага галасавання” падчас з’езду партыі 11 кастрычніка. Гэта пры тым, што старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч па ўзросце можа ўдзельнічаць у выбарах 2015 года і яго пераабралі лідарам партыі.
Янукевіч сваё “паражэнне” падчас галасавання за адзінага тлумачыць знешнепалітычнай сітуацыяй.
Аляксей Янукевіч: “Са зменамі геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне занадта высокімі сталі кошты любой памылкі, любога неапраўданага рашэння падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. І з улікам таго, што па шмат якіх пытаннях партыя БНФ кажа людзям тую праўду, якую яшчэ не ўсе гатовыя пачуць, мы лічым, што больш мэтазгодна ад самага пачатку падтрымліваць чалавека, які прытрымліваецца нашых базавых каштоўнасцяў, але агулам мае больш памяркоўны імідж, чым Партыя БНФ. Дзеля таго, каб сапраўды кансалідаваць шырокія колы грамадства вакол сябе”.
Аляксей Янукевіч
Тым не менш, суразмоўца Еўрарадыё адразу робіць папраўку: рашэнне аб падтрымцы партыяй Аляксандра Мілінкевіча не канчатковае — гэта усяго толькі “замер” настрояў сяброў партыі, а канчатковае рашэнне будзе прымаць Сойм.
Аляксей Янукевіч: “Яшчэ да магчымых прэзідэнцкіх выбараў прыкладна год застаецца. Могуць быць розныя змены палітычных раскладак як унутры краіны, так і вакол Беларусі. Што можа пацягнуць пэўныя змены ў магчымым складзе кандыдатаў”.
І тут цікавы такі момант: сам Мілінкевіч да гэтага часу афіцыйна не заявіў, што згодны браць удзел у выбарах.
Аляксандр Мілінкевіч
Толькі гэта не адзіная цікавостка вылучэння партыямі сваіх кандыдатаў на адзінага. Партыя левых “Справядлівы свет” для “вывучэння настрояў у партыі” разаслала партыйцам лісты з прозвішчамі тых, каго левыя бачаць сваім кандыдатам. Прозвішчы там ёсць цікавыя, прызнаецца намеснік лідара партыі Валерый Ухналёў.
Валерый Ухналёў: “Разаслалі анкеты для такога ўнутрыпартыйнага апытання: каго падтрымліваць, калі не свайго (лідара партыі Сяргея Калякіна. — Еўрарадыё). І там прозвішчы таго ж Мілінкевіча, Някляева, Фралова. А таксама ёсць прозвішча Гайдукевіча (лідар ЛДП. — Еўрарадыё), які заявіў, што ён пойдзе. У анкеце ёсць асобнае пытанне: “Як вы ставіцеся да падтрымкі Лукашэнкі?” Ну, паглядзім, што ў нас тут ёсць”.
Валерый Ухналёў
Варыянтаў у “Справядлівага свету” шмат, кажа суразмоўца Еўрарадыё. Яны могуць падтрымаць на Кангрэсе дэмсіл таго прэтэндэнта на адзінага, якога прапануе кааліцыя “Народнага рэферэндуму”: Рух “За свабоду”, ПБНФ, “Гавары праўду” і сацыял-дэмакраты. Могуць падтрымаць прэтэндэнта ад кааліцыі “Талака”, куды апроч “Справядлівага свету” ўваходзіць АГП і чатыры аргкамітэты па стварэнні партый рознага накірунку. Могуць пайсці са сваім кандыдатам Сяргеем Калякіным. А могуць, глядзіш, і Лукашэнку падтрымаць.
Сяргей Калякін
Аб’яднаная грамадзянская партыя на травеньскім з’ездзе са сваім партыйным кандыдатам вызначылася – Анатоль Лябедзька. Але партыя гатовая пайсці на кампраміс, упэўнівае намеснік старшыні Леў Марголін.
Леў Марголін: “Стратэгічная лінія такая: калі будзе на Кангрэсе дэмсіл абраны адзіны кандыдат, мы гатовыя ісці за ім. Калі адзінага не ўдасца вылучыць, тады ў нас свой кандыдат”.
Леў Марголін
Праўда, падумаўшы, удакладняе, што магчымы і трэці варыянт: будзе свой адзіны ў “Талакі”. Тут як і ў выпадку з Кангрэсам, за каго большасць прагаласуе, таго і АГП падтрымае.
Анатоль Лябедзька
А вось дабіцца ад кампаніі “Гавары праўду” ўцямнага адказу на канкрэтнае пытанне не ўдаецца і пасля працяглай размовы. Чаго, маўляў, заўчасна мітусіцца і некуды спяшацца, адмахваецца ад пытанняў Еўрарадыё намеснік лідара кампаніі Андрэй Дзмітрыеў.
Андрэй Дзмітрыеў: “Ну, даведаемся мы зараз імя, а што далей? Ніхто не ведае, што далей. Я скажу так: будзе Кангрэс, не будзе Кангрэса — ад “Народнага рэферэндуму” будзе адзін кандыдат. А прозвішча мы назавём тады, калі прыйдзе час”.
Андрэй Дзмітрыеў
Па словах Дзмітрыева, па выніку можа здарыцца, што адзіным ад “Народнага рэферэндуму” на фінішную прамую да Кангрэса дэмсіл выйдзе Уладзімір Някляеў.
Уладзімір Някляеў
Знаёмыя ўсе твары…
Фота: bymedia.net, Змітра Лукашука.