Кантрабандыст схаваў у шкарпэтках болей за 30 жывых рэптылій (фота)
25-гадовы жыхар Масквы спрабаваў правезці праз беларуска-польскую мяжу болей за 30 жывых рэптылій. 28 ліпеня брэсцкія мытнікі даглядалі аўтамабіль Hummer, за рулём якога была 21-гадовая расіянка. Падарожнікі ехалі з ЕС і заявілі ў дэкларацыі сабаку (амерыканскага пітбультэр’ера) і пяць металічных клетак для ўтрымання жывёл.
У выніку дагляду знайшлі іншы жывы груз: сярод асабістых рэчаў у кардонных скрынях былі рэптыліі — 17 чорных яшчарак, 12 зялёных ігуан, 3 сцынкі і 2 сетчатыя пітоны. Рэптыліяў пры гэтым схавалі ў шкарпэтках.
Экзатычных жывёл агледзілі ветэрынары, пасля чаго рэптыліяў перадалі да рашэння суда ў заапаркі Гродна і Мінска, дзе яны будуць знаходзіцца на адказным захаванні.
На расіян завялі адміністратыўную справу паводле ч.1 арт. 14.5 КаАП (недэклараванне тавараў, якія падлягаюць дэклараванню), паведамляе прэс-служба Брэсцкай мытні.