Кантрабандысты везлі 800 кг бурштыну ў лушпайках ад семак (фота)
Гомельская мытня выявіла факт кантрабанды бурштыну праз мяжу. У грузавым аўтамабілі, зарэгістраваным ва Украіне, мытнікі знайшлі папяровыя мяхі, схаваныя ад мытнага кантролю. У гэтай тары перавозілі, як мяркуецца, неапрацаваны бурштын розных фракцый.
Паводле дакументаў, у аўтамабілі перавозілася "грануляваная луска насення сланечніка" з Украіны ў Літву. Заяўлены ў дакументах тавар перамяшчаўся ў 22 біг-бэгах, кожны з якіх важыць каля 1 тоны.
Папяровыя мяшкі з кантрабандай удалося выявіць толькі пасля поўнай выгрузкі лускі. Агулам мытнікі знайшлі 42 мяхі агульнай вагой больш за 800 кг.
ЦЯпер вядзецца праверка па гэтым факце. Экспертыза выявіць, ці з'яўляецца знойдзены тавар бурштынам, а таксама вызначыць канчатковы кошт кантрабанды.