Капітана патанулага лайнера Costa Concordia асудзілі на 16 гадоў турмы
Яго прызналі вінаватым у крушэнні судна, якое прывяло да гібелі 32 чалавек.
Капітана круізнага лайнера Costa Concordia Франчэска Скеціна прызналі вінаватым у крушэнні судна, якое прывяло да гібелі людзей, і прысудзілі да 16 гадоў пазбаўлення волі. Такое рашэнне прыняў суд першай інстанцыі італьянскага горада Грасета, паведамляе Reuters.
Пракурор патрабаваў для Скеціна 26 гадоў і трох месяцаў турэмнага зняволення за забойства па неасцярожнасці. Былы капітан патанулага судна, які з'яўляецца адзіным абвінавачаным па справе, заплакаў падчас свайго выступу на пасяджэнні суда.
“Я памёр разам з 32 ахвярамі караблекрушэння”, — заявіў ён у сваёй прамове, дадаўшы, што грамадства зрабіла з яго “ахвярнага казла”.
Па версіі следства, Скеціна ў студзені 2012 года выпадкова накіраваў лайнер на падводныя скалы, а калі зразумеў, што судна не выратаваць, збег з яго, не аддаўшы распараджэння аб эвакуацыі.
Фота: fortunes-de-mer.com