Капскі: У стартавым складзе БАТЭ — 1 замежнік. Дзе яшчэ такое знойдзеце?
Ці хопіць БАТЭ грошай, каб утрымаць Глеба і Ганчарэнку? Як складуцца адносіны клуба і зборнай? На пытанні Еўрарадыё адказвае старшыня праўлення ФК БАТЭ.
Да Анатоля Капскага Еўрарадыё датэлефанавалася раніцай 3 кастрычніка. Пасля фантастычнай перамогі БАТЭ над "Баварыяй" не прайшло і 10 гадзінаў, у голасе старшыні праўлення барысаўскага клуба чулася стома. Але ў інтэрв'ю Анатоль Анатолевіч не адмовіў, хаця на другую палову дня ў яго ўжо запланаваная нарада па пытаннях працы завода БАТЭ...
З “Валенсіяй” будзе бітва!
Еўрарадыё: Пра перамогу БАТЭ над "Баварыяй" кажуць як пра сенсацыю. На ваш погляд, ці можна знайсці рацыянальнае тлумачэнне таму, што ваш клуб адолеў славутых немцаў?
Анатоль Капскі: Для мяне не ўсё так адназначна. Так, калі мы згуляем з "Баварыяй" шмат матчаў, яна, напэўна, апынецца мацнейшай. На маю думку, у апошнія гады лідар нямецкага футбола ўваходзіць у тройку вядучых еўрапейскіх клубаў. Гэта вельмі моцная каманда з багатай гісторыяй, вернымі заўзятарамі, цудоўнымі гульцамі і ўстойлівымі традыцыямі. Але мы верылі ў сваю зорку. Тым не менш, калі гуляеш з "Баварыяй", шмат што мусіла скласціся, каб на табло гарэлі тыя лічбы, якія мы бачылі 2 кастрычніка. І гэта адбылося.
А вось з іншага боку, наша перамога не павінна вызначацца як сенсацыя. У нас прафесійны трэнерскі штаб. Усе працаўнікі клуба, усе нашы хлопцы вельмі любяць футбол і любяць Радзіму. Гэта аб'ектыўна, гэта праўда! У стартавым складзе ў нас выйшлі 10 беларусаў і толькі адзін замежнік — серб Сіміч. Такога ў еўрапейскім клубным футболе вы, напэўна, больш не знойдзеце! Вельмі важна, калі ты разумееш, за што ты гуляеш, за каго, хто цябе падтрымлівае.
Еўрарадыё: Хто перагуляў "Баварыю": каманда ці трэнер?
Анатоль Капскі: Не буду дзяліць каманду і трэнераў. Ёсць футбалісты, якія выконваюць напрацоўкі трэнерскага штаба. І ёсць клубны менеджмент, які стварае максімальна камфортныя ўмовы для іх працы і для развіцця клуба. Гэта адзіны механізм, гэта агульны поспех.
Еўрарадыё: Наступны матч БАТЭ згуляе з "Валенсіяй". Ці падаецца яна Вам менш грознай пасля матча з "Баварыяй"?
Анатоль Капскі: "Валенсія" — гэта клуб, які на роўных супернічае з "Рэалам", "Баварыяй" і "Барселонай". І нават перамагае іх! Гэта каманда высокага ўзроўню, і проста з ёй не будзе.
Еўрарадыё: Але сёння яе вельмі проста недаацаніць...
Анатоль Капскі: БАТЭ кагосьці недаацэніць? Глупства, што хтосьці думае, што такое магчыма, і было б удвая бязглузда, калі б мы так рабілі. "Валенсія" — моцная каманда, да сустрэчы з якой трэба сур'ёзна рыхтавацца. Гэта будзе бітва!
Падчас размовы ў Капскага ўвесь час трышчыць другі тэлефон: калегі з іншых футбольных клубаў віншуюць з перамогай, спрабуюць дамовіцца на спарынгі і таварыскія матчы... На адно тэлефанаванне старшыня праўлення ФК БАТЭ ўсё ж адказвае. Гэта тэлефануе Віктар Ганчарэнка, якога Капскі па-сяброўску называе "Міхалыч".
Ведаеце, чаму Саша Глеб гуляе ў БАТЭ? Ён тут сагрэўся!
Еўрарадыё: Мяркуючы па тым, як 2 кастрычніка гуляў Глеб, ён у БАТЭ па-сапраўднаму знайшоў сябе. Ён рабіў з "Баварыяй", што хацеў, любыя яго перадачы даходзілі да адрасатаў. Напэўна Глеб атрымае прапановы пасля гэтага групавога турніру... Ды і за іншымі футбалістамі ўтворыцца чарга, не меншая, чым чарга па квіткі на матчы БАТЭ. Ці ёсць у БАТЭ рэсурсы, каб яго ўтрымаць?
Анатоль Капскі: Я хачу, каб у Сашы найлепшыя матчы былі наперадзе. Ён чалавек з вялікім сэрцам і з сапраўднай беларускай душой. Мы будзем рады, калі ён будзе з намі, але будзем не менш рады, калі ён вернецца ў топ-чэмпіянат. Ведаеце, чаму Саша тут гуляе? Ён заўжды быў беларусам. І калі б мяне папрасілі выказаць стаўленне Глеба да жыцця якім-небудзь радком з песні, я б сказаў: "Каб любіць Беларусь нашу мілую". Гэта менавіта пра яго, і гэта не пафасна, гэта насамрэч так. Саша сёння атрымлівае задавальненне ў БАТЭ, бо ён у Беларусі, ён побач з намі, з сябрамі і блізкімі. Ён тут сагрэўся!
Еўрарадыё: Але ці ёсць у БАТЭ рэсурсы, каб яго ўтрымаць? І ці будзеце вы яго ўтрымліваць?
Анатоль Капскі: Рэсурсы заўсёды можна знайсці, калі ёсць жаданне. Галоўнае, каб гэта была разумная для нашага бізнесу і для нашай каманды сума. Але, ведаеце, у мяне асаблівае стаўленне да сваіх гульцоў і трэнераў. Калі гэта будзе прапанова моцная і важная для Сашы, калі гэта будзе топ-чэмпіянат і топ-клуб, я яму сам скажу: "Саша, трэба сыходзіць". Такія майстры павінны дарыць радасць заўзятарам па ўсім свеце.
Еўрарадыё: Да Віктара Ганчарэнкі стаўленне аналагічнае?
Анатоль Капскі: Так, такое самае. Мы сёння з Віктарам Міхайлавічам нават не размаўлялі пра гульню, а гутарылі як сябры. І ён ведае, што калі ў яго будзе прапанова, важная для яго развіцця, пра кампенсацыю ніхто нават гаворкі не будзе весці. Ён пойдзе ў гэты праект, таму што яму трэба расці. Але зараз ён сам кажа, і гэта таксама пытанне ацэнкі, пытанне часу, што расці можна і тут.
“Мы з Ганчарэнкам — фанаты зборнай. Не варта нас з Кандрацьевым супрацьпастаўляць”
Еўрарадыё: Ці не баіцеся вы, што зараз увесь БАТЭ, у поўным складзе, Георгій Кандрацьеў забярэ ў зборную Беларусі?
Анатоль Капскі: Я не маю права адказваць на гэтае пытанне. Вельмі шмат у апісанні ў прэсе нашых адносінаў з Георгіем Пятровічам выдуманага і нанаснога... Я адкажу так: Кандрацьеў — кваліфікаваны, моцны трэнер, і асоба моцная. Яму даверылі сур'ёзную задачу, і яму яе вырашаць.
1 кастрычніка быў юбілей Анатоля Мікалаевіча Байдачнага, хачу яго яшчэ раз павіншаваць праз вас. Мы былі запрошаныя на ўрачыстасць, і там цёпла пагутарылі з Жорам, па-сяброўскі абняліся. Так, як ён пажадаў удачы, жадаюць толькі блізкія людзі. І сёння ён тэлефанаваў Віктару Ганчарэнку. Гэта была размова двух таварышаў і калег, якія перажываюць за беларускі футбол. А гэтыя інфармацыйныя нагоды, каб сутыкнуць ілбамі... І я, і Кандрацьеў, і Ганчарэнка — мы людзі эмацыйныя, і можам часам штосьці сказаць так, што няправільна пасля інтэрпрэтуюць. Магу сказаць, што мы з Віктарам Міхайлавічам з'яўляемся фанатамі зборнай. Не варта нас з Кандрацьевым гэтымі пытаннямі супрацьпастаўляць.
Еўрарадыё: Пасля перамогі над "Баварыяй" праблема стадыёна для матчаў Лігі чэмпіёнаў зрабілася яшчэ больш надзённай. Дзе будзеце гуляць пасля таго, як "Дынама" закрыецца на рэканструкцыю?
Анатоль Капскі: Мы ідзем крок за крокам. Будзе дзень — будзе ежа. Думаю, мы гэтае пытанне вырашым так, каб беларускім заўзятарам было максімальна зручна.
Еўрарадыё: "Баварыя" і БАТЭ ізноў сустрэнуцца. Як вы мяркуеце, ці будзе нямецкая каманда, якая сабе напэўна ўжо забяспечыць выхад у плэй-оф, гуляць гэты матч другім складам, як Барса?
Анатоль Капскі: Мой адказ будзе падобны да папярэдняга. Калі прыйдзе час рыхтавацца да матча з "Баварыяй", мы ўлічым гэтыя турнірныя моманты. Але сёння на парадку дня паядынкі з "Валенсіяй". Выбудоўваць ланцугі, і часам алагічныя, гэта доля заўзятараў і журналістаў. А сёння, думаючы пра снежаньскую гульню з "Баварыяй", мы можам упусціць нешта важнае бягучае. Акрамя таго, ёсць гульні чэмпіяната Беларусі, бліжэйшая з якіх з "Белшынай", ёсць і матчы зборнай... Усе пытанні трэба вырашаць крок за крокам, гэта найбольш разумна. Усяму персаналу клуба: і трэнерам, і футбалістам — эмоцыі трэба адкінуць. Думаю, так і будзе.
Фота: ru.uefa.com.