"Каракулі" заклікаюць сустрэць вясну
А ўсім прысутным абяцаюць сюрпрызы, падарункі і цёплую атмасферу!
Тэатр сучаснага танца "Каракулі" рыхтуе "веснавую" імпрэзу на сцэне к/з Мінск. Гледачам будзе прапанавана паглядзець 4 спектаклі: імправізаваны спектакль "История красного шарфика", перфоманс "Там, где вода течет вверх", танцавальны спектакль "Свадебка" і харэаграфічную мініяцюру "Уровень завершен".
Тэатр працуе ў стылі "сучасны танец". Але, як кажа адміністратар "Каракуляў" Вераніка Шафаловіч, канкурэнцыі з іншымі тэатрамі, якія таксама займаюцца "сучасным танцам", яны не адчуваюць. Больш за тое, яны нават сябруюць.
Вераніка Шафаловіч: "Наш галоўны харэограф Вольга Лабоўкіна добра знаёмая і з Вольгай Скварцовай, і з Дзімам Залескім (харэографы і стваральнікі вядомага тэатра сучаснага танца D.O.S.Z.K.I. – заўв.рэдакцыі). То бок яны сябруюць і лічаць выдатнай і здаровай канкурэнцыяй тое, што ў Мінску існуюць як мінімум 2 калектывы, якія "спавядаюць" contemporary dance".
Да сваёй імпрэзы 22 лютага тэатр "Каракулі" рыхтуе некалькі сюрпрызаў. Але якіх – гледачы даведаюцца толькі на спектаклі. Распавядае адміністратарка Вераніка Шафаловіч.
Вераніка Шафаловіч: "Напрыклад, у мінулы раз, 21 снежня, мы зрабілі падаруначкі кожнаму, хто прыйшоў на спектакль. Гэта былі маленькія навагоднія паштовачкі з віншаваннямі ад "Каракуляў". Паштоўкі спецыяльна для "Каракуляў" зрабіла мастачка Аня Дземідовіч. Усяго было 250 розных паштовак. У фае грала музыка, а гасцей сустракала вядучая".
Гэтым разам акцёры тэатра "Каракулі" абяцаюць стварыць цёплую атмасферу ў зале, а таксама зрабіць усё, каб гледачы не адчувалі сябе "акадэмічнымі" гледачамі.
Нагадаем, тэатр "Каракулі" ўзнік у 2008 годзе. Яго стваральніцай стала Вольга Лабоўкіна, якая першапачаткова набрала групу ўдзельнікаў са сваіх знаёмых.
"У складзе тэатра ўсе прафесіяналы, але выпускнікі вельмі розных школ, – распавядае Вераніка Шафаловіч. – "Ёсць выпускнікі Універсітэта культуры, ёсць з Гродзенскага каледжа мастацтваў. Ёсць таксама выпускнікі іншых школ. Гэта творчая кампанія сяброў, якую аб’яднала пад сваім кіраўніцтвам Воля Лабоўкіна".
Дарэчы, Еўрарадыё рыхтуе розыгрыш квіткоў на канцэрт "Каракуляў". Сачыце за нашым эфірам! Імпрэза адбудзецца 22 лютага на Малой сцэне к/з "Мінск" у 19.00.
Дадатковая інфармацыя і квіткі па тэлефонах: 8 029-273-46-99 (МТС) ; 8 029-635-83-69 (Velcom), а таксама па электроннай пошце [email protected]
Кошт квіткоў ад 15.000 да 30.000.