Каранавірус выяўлены мінімум у шасці раёнах Віцебскай вобласці

Каранавірус выяўлены мінімум у шасці раёнах Віцебскай вобласці

Людзі, заражаныя каранавірусам, былі выяўленыя як мінімум у шасці раёнах Віцебскай вобласці. Пра гэта піша сайт "Народныя навіны Віцебска", дзе прааналізавалі паведамленні афіцыйных рэгіянальных газет.

Прэс-служба Мінздароўя не канкрэтызуе месцы, дзе выявілі хворых на каранавірус: у афіцыйнай статыстыцы фігуруюць звесткі толькі па абласцях і сталіцы. 

Як падлічылі на "Народных навінах Віцебска", найбольшая колькасць хворых на COVID-19 выяўлена ў самім абласным цэнтры: па стане на 3 красавіка ў Віцебску і Віцебскім раёне было не менш за 70 хворых на каранавірус.

У Бешанковіцкім раёне пра першую пацыентку, хворую на каранавірус, стала вядома 25 сакавіка. Тэст на РНК каранавіруса ў яе ўзялі яшчэ 19-га. Пасля гэтага афіцыйнай інфармацыі пра гэты раён больш не з'яўлялася.

У Шумілінскім раёне па стане на 6 красавіка налічваецца 5 чалавек, заражаных COVID-19.

Столькі ж чалавек, хворых на каранавірус, было зарэгістравана ў Аршанскім раёне па стане на 4 красавіка.

Як піша сайт gorod214.by са спасылкай на афіцыйных асобаў, у Наваполацку выявілі чатыры выпадкі каранавіруса (адзін пацыент ужо вылечыўся), у Полацкім раёне — тры. 

Адзін хворы на каранавірус ёсць ва Ушацкім раёне, паводле звестак на 3 красавіка. 

Як паведамляла Еўрарадыё, у Магілёўскай вобласці каранавірус выявілі ў пяці раёнах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі