Каранавірус выявілі ў кадэцкай вучэльні ў Слуцку

Каранавірус выявілі ў кадэцкай вучэльні ў Слуцку

Успышка каранавіруса зафіксаваная ў кадэцкай вучэльні ў Слуцку. Паводле інфармацыі TUT.by, захварэлі не толькі вучні, але і выкладчыкі. 

Адзін з навучэнцаў распавёў, што COVID-19 выявілі ў навучэнцаў і выкладчыка. Кадэтам нібыта паведамілі пра гэта ў сераду, 20 траўня. Цяпер у Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі "Загор'е" знаходзяцца некалькі чалавек. 

Дырэктар вучэльні Сяргей Мяцельскі ў каментары выданню mlyn.by пацвердзіў, што ёсць выпадкі заражэння каранавірусам. "У аднаго навучэнца тэст даў станоўчы вынік. Тут жа хутка былі вызначаныя ўсе кантакты, з якімі хлопец меў зносіны за апошнія 14 дзён. Ва ўсіх хлопцаў, хто знаходзіўся ў вучэльні, узялі мазок — многія вынікі ўжо прыйшлі, астатнія чакаем з дня на дзень", — патлумачыў Мяцельскі.

Па яго словах, у вучэльні ўведзены асаблівы рэжым, як і ва ўсіх навучальных установах краіны. Навучэнцы не ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах, пабочным уваход абмежаваны, праводзіцца дэзінфекцыя.

На хатняе навучанне па рашэнні бацькоў перайшлі 18 з 220 навучэнцаў вучэльні.

Галоўны санітарны лекар Слуцкага раёна Павел Кучко пацвердзіў TUT.by, што ў вучэльні ёсць выпадкі COVID-19 як сярод навучэнцаў, так і ў персаналу. Аднак колькасць заражаных ён не назваў. "Большасць пацыентаў клінічна здаровыя, нават не шпіталізаваныя. У цэлым у Слуцку і Слуцкім раёне сітуацыя кантраляваная", — заявіў Кучко.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі