Каранавірус выявілі яшчэ ў двух мінскіх садках
Яшчэ ў двух дзіцячых садках Мінска выявілі каранавірус, піша TUT.by. У садку №119 захварэла дзіця, у 105-м — супрацоўнік. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў саміх садках.
Садок №119 знаходзіцца на вуліцы Янкі Брыля. Маці аднаго з выхаванцаў распавяла журналістам, што ў хлопчыка з іх групы выявілі каранавірус. "Уначы дзіця забралі ў лякарню. Сказалі, яго мама захварэла. Яе праверылі на COVID-19, ён пацвердзіўся. Затым тэсты зрабілі сям'і, і ў малога ён таксама апынуўся станоўчым. Апошні раз дзіця было ў садку ў мінулую пятніцу. Дзетак, выхавальніка і няню папрасілі знаходзіцца ў самаізаляцыі. Сёння павінны ўзяць мазкі", — паведаміла жанчына.
Яна звяртае ўвагу, што пра каранавірусную інфекцыю ў маці хлопчыка стала вядома яшчэ ў пятніцу, і ў суботу садок апрацоўвалі. Але бацькоў пра сітуацыю не папярэдзілі, і на гэтым тыдні некаторыя сем'і працягвалі вадзіць дзяцей у садок.
Адміністрацыя садка тлумачыць, што пра каранавірус у дзіцяці даведаліся ў чацвер. Адразу ж сталі тэлефанаваць іншым бацькам. А пра маці хлопчыка яны не ведалі.
У садку №105 на вуліцы Алібегава COVID-19 выявілі ў супрацоўніка. Паводле звестак чытачоў TUT.by, мужчына апошні раз быў на працы 1 красавіка, потым у яго паднялася тэмпература. Супрацоўніка шпіталізавалі з каранавірусам.
У садку мужчына кантактаваў з трыма калегамі, яны цяпер знаходзяцца на самаізаляцыі. Астатнія супрацоўнікі пачуваюцца добра і працуюць. Паведамляецца, што садок апрацавалі, дзеці працягваюць хадзіць у групы.
Раней каранавірус выявілі ў трох сталічных садках — як у дзяцей, так і ў дарослых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.