Каранцін з-за шалёнага ваўка ў Стоўбцах — што гэта значыць?

homel.greenbelarus.info
homel.greenbelarus.info

Воўк, які нападаў на людзей у Стоўбцах вечарам 26 студзеня, аказаўся шалёным. Цяпер у горадзе і сумежнай вёсцы ўстанавілі каранцін на два месяцы. Еўрарадыё высветліла, што азначае ўвядзенне каранціну і як ён паўплывае на жыццё мясцовага насельніцтва.

"Каранцін усталяваны, каб пазбегнуць паўторных выпадкаў заражэння. У лабараторыі ў застрэленага ваўка выявілі шаленства, — распавядае Марыя Каспяровіч, спецыяліст Стаўбцоўскай раённай ветэрынарнай станцыі. — Рашэннем Стаўбцоўскага райвыканкама з 28 студзеня накладзены каранцін тэрмінам на два месяцы на два населеныя пункты: вёску Слабада і горад Стоўбцы".

Першае, што распачалі спецыялісты, — падворны абыход насельніцтва, які завяршыўся яшчэ ўвечары 27 студзеня. Ён патрэбны для выяўлення невядомых раней кантактаў людзей з хворай жывёлай. Выпадкаў сутыкнення людзей з шалёным зверм больш не было. Таксама агледзелі хатніх жывёл, чые паводзіны выклікалі падазрэнні.

"У сувязі з уведзеным каранцінам ўсім уладальнікам хатніх гадаванцаў неабходна ў абавязковым парадку правакцынаваць сваіх катоў і сабак. Робіцца гэта бясплатна. Каб людзям было зручна, рэжым працы ветустаноў працягнулі да 20:00", — распавяла ветэрынарка.

Стаўбцкоўскія камунальнікі будуць адлоўліваць бяздомных катоў і сабак ва ўзмоцненым рэжыме, а мясцовыя паляўнічыя будуць займацца знішчэннем дзікіх жывёл у раёне каранціну. Для звычайных людзей паўсюль развесілі аб'явы пра тое, як паводзіць сябе пры сустрэчы з дзікімі жывёламі і што рабіць пры магчымым заражэнні. Такія ж паведамленні змешчаныя ў мясцовых СМІ.

"Важна памятаць, што вакцынаваць ад шаленства трэба абсалютна ўсіх хатніх гадаванцаў, прычым першая прышчэпка робіцца ва ўзросце ад 3 да 6 месяцаў. А ўсе наступныя — кожны год, — нагадвае спецыяліст. — Гэта бяспека не толькі жывёлы, але і чалавека. Бо, выходзячы гуляць на прыроду, ніколі не ведаеш, ці адбудзецца кантакт з заражаным прадстаўніком фаўны".

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 28.01:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі