“Карыда — французскі рытуал, адчапіцеся ад нас”

Карыда, якая заўжды асацыюецца з Іспаніяй, аказваецца нечакана папулярнай і на поўдні і паўднёвым захадзе Францыі. І няхай на баі з быкамі тут ходзіць не столькі людзей, як на Пірэнеях, але накласці на яе табу, як таго хочуць абаронцы жывёлаў, пакуль не атрымліваецца.

“Баі быкоў наведваюць толькі 5-10 тысяч чалавек у Францыі, пры насельніцтве каля 60 мільёнаў. Але карыда мае надзвычай моцнае лобі, вельмі актыўнае ў СМІ, а таксама падтрымку вялікай колькасці суддзяў і выбарных службовых асоб”, — кажа Жан-П’ер Гарыгез, віцэ-прэзідэнт Радыкальнага камітэта супраць карыды.

Актывісты камітэта насамрэч гатовыя да радыкальных дзеянняў. 24 жніўня яны правялі акцыю на арэне падчас карыды ў Рыан-дэ-Ландзе, якая скончылася сутычкамі з паліцыяй. Мэр горада Бернард Дэхез заявіў аб планах падаць у суд на пратэстуючых, якія сарвалі шоў, з-за чаго горад панёс фінансавыя страты.

Бернард Дэхез: “Я жадаю, каб староннія людзі, якія прыязджаюць у наш рэгіён пратэставаць супраць карыды, што праводзіцца абсалютна законна, пакінулі нас у спакоі”.

Сапраўды, карыда на поўдні і паўднёвым захадзе праводзіцца легальна —  паводле закона 1951 года супраць жорсткага стаўлення да жывёлаў для яе зроблена выключэнне.

Цікава, што вялікім прыхільнікам карыды з’яўляецца і міністр унутраных спраў Францыі Мануэль Вальс, які нарадзіўся ў Барселоне. Абаронцы жывёлаў кажуць, што ён выкарыстоўвае сваю ўладу і не дае з’явіцца закону супраць карыды.

У той час на радзіме баёў з быкамі, у Іспаніі, карыда таксама перажывае не лепшыя часы. З аднаго боку ціснуць мясцовыя абаронцы жывёлаў, з іншага — б’е крызіс. The Independent піша:

“За пяць гадоў наведвальнасць упала на 40%. У 2008 годзе па ўсёй краіне было арганізавана каля 3295 баёў. А летась — 1997. У гэтым годзе, паводле некаторых звестак, не будзе і 500”.

Прэм’ер-міністр Марыяна Рахой паабяцаў накіроўваць болей грошай на развіццё карыды. Толькі ці дапаможа такая падтрымка ад урада, які і так абцяжараны фінансавымі праблемамі? Магчыма, ёсць сэнс звярнуцца да прыватнага сектару. У Іспаніі ўжо пачалі прыватызаваць некаторыя фестывалі — гаворка ідзе пра вядомую Тамаціну, падчас якой людзі закідваюць адзін аднаго памідорамі. Магчыма, дойдзе чарга і да карыды. Выданне El Pais з іроніяй заўважае:

"Магчыма, хутка Тамаціну будуць узгадваць як пачатак прыватызацыі папулярных святаў у Іспаніі, на якіх можна забаўляцца без перапынку ад траўня па кастрычнік, і адзіныя выдаткі на іх — тыя, што патрабуе ўласная печань”.

Цікава, што пакуль у Іспаніі ўсімі спосабамі ратуюць мясцовыя традыцыі, у іншых частках света пачалі зарабляць на імпрэзах з быкамі. У ЗША нядаўна запусцілі вялікі тур па гарадах з “бегам быкоў”, які звычайна праводзіцца ў іспанскай Памплоне. Варта адзначыць, што шоў карыстаецца папулярнасцю.

Фота: spa.asso.fr

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі