Касцёл пра будаўніцтва ў Катоўцы: Мы прасілі, каб высеклі менш дрэваў
7 снежня на месцы будаўніцтва касцёла ў Катоўскім парку Мінска адбыліся сутычкі паміж актывістамі-эколагамі і рабочымі "Зелянбуда", якія пачалі зразаць дрэвы для расчысткі тэрыторыі. Мясцовыя жыхары, спрабуючы спыніць будаўніцтва храма і высечку дрэваў, дайшлі да старшыні гарвыканкама Шорца. Еўрарадыё паразмаўляла з айцом Дзмітрыем, пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно, які акурат займаецца будаўніцтвам новага храма. Паводле яго меркавання, закон у Катоўцы не парушаецца.
"Актывісты змагаюцца ўжо паўгода і ў іх няма ніякіх аргументаў супраць законнасці будаўніцтва. Што гэтая падзея не згодная з правам. За паўгода яны напісалі ва ўсе магчымыя інстанцыі. Былі праверкі. І пракурорская праверка была. Усё было праверана, зверана. У нас усё згодна з правам, мы закон не парушаем... Усе кажуць, што парушаецца закон. Але ніякіх аргументаў няма... У нас быў дазвол на будаўніцтва з пачатку кастрычніка. Але мы вырашылі пачакаць яшчэ аднаго грамадскага абмеркавання. Хай людзі выкажуцца. Яны выказаліся. Вядома, што ёсць праціўнікі. Але ў цэлым не выглядае карціна аж так дрэнна, як гэта падаецца ў СМІ", ― расказвае айцец Дзмітрый.
Ён кажа, што сітуацыя зусім не такая страшная, якой яе прадстаўляюць на форумах і некаторых сайтах. Ніхто не збіраецца высякаць сквер цалкам, для будучага будаўніцтва неабходная толькі дзясятая частка Катоўкі.
"Ад самага пачатку было вядома, што нам выдзелілі 0,35 га. Гэта каля 10-12% ад плошчы сквера, ён большы за 3 га. Вядома, дрэвы ў ім густа растуць. Але паводле плану, налічылі, што 50 дрэваў будзе высечана. Нам, па праўдзе, не патрэбна столькі высякаць. Мы прасілі, каб высеклі менш, там ёсць дрэвы, якія не будуць перашкаджаць ў працэсе будаўніцтва. Сам касцёл будзе невялічкі, прыкладна 500 квадратаў. Гэта 1,5-2% ад усёй тэрыторыі сквера. Вядома, вакол касцёла мы не будзем заліваць усё асфальтам. Там будзе ўсё ўпрыгожана. Дрэвы будуць, газоны, кветкі. Ёсць праект азелянення пасля завяршэння будаўніцтва", ― кажа пробашч.
І дадае, што цяпер пераносіць будаўніцтва на новае месца ўжо позна: "На сённяшні дзень перанесці будаўніцтва наўрад ці магчыма. Калі б гэта было на пачатковых стадыях... Але ўжо столькі сродкаў і намаганняў патрачана, і часу, і праект зроблены. Перанесці ж не так лёгка. Трэба новы праект, яшчэ 3-4 гады працы. Усё трэба пачынаць спачатку, сродкі. Гэта не так лёгка, як можа падавацца звонку. Мы ўжо пяць гадоў займаемся гэтым будаўніцтвам. Шмат сіл было патрачана і нерваў".
Па словах айца Дзмітрыя, прадстаўнікі касцёла вялі перамовы з эколагамі, сустракаліся з прадстаўнікамі "Зялёнай сеткі" і нават, як падавалася, змаглі дасягнуць паразумення. Аднак цяпер падзеі разгортваюцца іначай.