"Кашалёк" Лукашэнкі Алексін сыходзіць ад санкцый пры дапамозе новых сваякоў

Аляксей Алексін

Аляксей Алексін / TUT.by

Каб сысці ад міжнародных санкцый, "кашалёк" Лукашэнкі Аляксей Алексін прыдумаў новую схему. Гэта высветлілі журналісты-расследвальнікі "Бюро" з дапамогай "Кіберпартызанаў".

Сам Алексін даўно знаходзіцца пад чанкцыямі. Пару гадоў таму ён перапісаў частку актываў на жонку і двух сыноў, але дзеці алігарха таксама трапілі пад абмежаванні.

Новых сваякоў, на якіх можна перапісаць бізнэс сям'я набыла праз... шлюб. 12 жніўня 2017 года старэйшы сын Алексіна Дзмітрый ажаніўся з Вікторыяй Губанавай. І калі Дзмітрыя Алексіна разам з яго братам Віталём у чэрвені 2022 года ўнеслі ў санкцыйны спіс ЕС, у беларускай кампаніі "Метраж" цягам месяца змяніўся бенефіцыяр — замест Дзмітрыя саўладальніцай фірмы стала яго жонка Вікторыя Губанава.

Сёлета ў красавіку кампанію ліквідавалі і далучылі да іншай фірмы Алексіных, якую Губанава таксама атрымала ад мужа, — "Алекс Карго". Гэтая фірма займаецца імпартам і рэалізацыяй спецый, мясных вырабаў і нікацінавых павучаў з краін СНД, Еўропы і Азіі. Таксама яна валодае сеткай мясных рэстаранаў Hooper у Мінску.

Пастаўшчыком мясной прадукцыі для гэтай сеткі рэстаранаў з'яўляецца яшчэ адзін актыў сям'і Алексіных — кампанія "Вялес-Міт" з крамамі MeatHouse. Да чэрвеня 2022 года "Вялес-Міт" належала іншай кампаніі сыноў Алексіных — "Грантла". Але пасля таго, як сыны Алексіна трыпілі ў чорны спіс ЕС, "Вялес-Міт" перадалі ва ўласнасць новастворанай юрыдычнай асобе — ТАА "Сандао". Гэтай кампаніяй валодае Андрэй Губанаў — бацька Вікторыі Губанавай, высветліла "Бюро". Чысты прыбытак "Вялес-Міт" за 2023 год склаў амаль 25 мільёнаў рублёў (больш за 8,3 мільёна долараў) — гэта на 28% больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года.

Дарэчы, "Сандао" таксама займаецца імпартам пнеўматычных шын для аўтамабіляў з Францыі і Германіі. Пасаду дырэктара ў фірме займае Раман Паўловіч, які раней працаваў на кіруючых пасадах у "Вялес-Міт".

Андрэй Губанаў, як высветлілі журналісты "Бюро" з дапамогай "Кіберпартызанаў", у 2021 годзе працаваў намеснікам дырэктара ў кампаніі "Атэнаіс". На гэтую кампанію зарэгістравана сталічнае казіно Shangri La. "Атэнаісам" да 2019-га валодала кіпрская кампанія Roslaton Holdings Limited, афіляваная з эмірацкай фірмай PETROTRADE FZE, уладальнік і дырэктар якой — Дзмітрый Алексін. У 2019 годзе гэтай кампанія выйшласа складу акцыянераў кіруючай кампаніі беларускага Shangri La. А яе долю атрымала кіпрская кампанія Demistat Company Limited, якая ў 2019 годзе некалькі месяцаў валодала фірмай Алексіных "Грантла". Канчатковы бенефіцыяр Demistat — расіянін Мехці Мехціеў, які разам з Дзмітрыем Алексіным з'яўляецца дырэктарамі турэцкай кампаніяй MSDF (на яе запісаны гандлёвы цэнтр у Стамбуле).

Другі сын Алексіна Віталь ажаніўся 15 жніўня 2020 года з Надзеяй Зайцавай. Яна, паводле інфмармацыі журналістаў "Бюро", пакуль не з'яўляецца ўласніцай або кіраўніцай ні ў адной кампаніі бізнэс-імперыі Алексіных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі