Кастусёў: Перад з’ездам жонка казала: “Толькі б цябе старшынёй не абралі”

Кастусёў: Перад з’ездам жонка казала: “Толькі б цябе старшынёй не абралі”

Новым кіраўніком Партыі БНФ абраны экс-кандыдат у прэзідэнты, намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў. Былы старшыня партыі Аляксей Янукевіч абраны намеснікам старшыні і адначасова кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года. Ці не азначае гэтая ратацыя, што намеснік прыйшоў проста “патрымаць месца” для цяпер ужо былога кіраўніка партыі ― каб той змог зноў узначаліць партыю праз два гады? Якія змены чакаюць ПБНФ пасля абрання новага кіраўніка?

На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказваюць старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і яго намеснік Аляксей Янукевіч.

 

Новы старшыня ПБНФ ― змена кіраўніцтва ці ратацыя?

 

Рыгор Кастусёў: Я прыйшоў кіраваць партыяй і рыхтаваць партыю да будучай прэзідэнцкай кампаніі. Гэта была мая ідэя, вылучыць прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты. І З’езд мяне падтрымаў. Што да майго вылучэння на старшыню партыі, то гэтае рашэнне прымаў не адзін я: гэта вырашала наша каманда і мае сябры, якія сказалі, што трэба вылучацца. Бо вельмі адказны час, і тут патрэбны мой досвед. І я лічу, што я партыі яшчэ спатрэблюся.

Аляксей Янукевіч: Галоўныя нашы планы звязаныя з выбарчымі кампаніямі, прэзідэнцкай і парламенцкай 2020 года. У нас толькі што адбыўся З’езд, у нас толькі што абраны новы старшыня партыі і сёння казаць пра тое, хто яго заменіць праз 6 ці праз 20 гадоў, занадта рана. У нас цяпер ёсць вызначаны фронт працы і ў прыярытэце не падрыхтоўка да наступнага з’езду, а да больш сур’ёзных выклікаў ― выбараў. І галоўная не пасада, з якой я буду вылучацца кандыдатам у прэзідэнты ― старшыня ці намеснік старшыні партыі. Самае галоўнае, што я буду лідарам нацыянальна-кансерватыўнага руху і буду яго прадстаўляць. Што да новага старшыні, то спадар Рыгор ўсе папярэднія гады не быў на нейкай там палітычнай пенсіі. Ён быў вельмі важным элементам партыйнай сістэмы. Можа быць, нават больш важным за старшыню партыі элементам ⸺ ён быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2010 годзе. У той час, як іншыя прэтэндэнты на старшыню сядзелі на палітычнай прызбе. І на гэтыя мае словы няма чаго пэўным людзям крыўдзіцца ― гэта нармальны выраз. Увогуле, калі нехта крыўдзіцца на крытыку, то яму трэба займацца іншымі справамі і не займацца палітыкай.

 

Пра складанасці існавання партыі і сродкі на выбары

 

Рыгор Кастусёў: Цяпер уся наша каманда думае пра тое, як партыі жыць, як выжываць у такіх складаных умовах, як рыхтавацца да выбараў. А ўмовы нялёгкія заўсёды былі, бо Партыю БНФ ніхто ніколі не мілаваў, а толькі рабілі перашкоды. Але партыя нягледзячы на гэта існуе. Што да грошай на партыйныя патрэбы, дзе іх шукаць… Найперш, гэта нашы ўнутраныя рэзервы. У краіне, якая называецца Рэспубліка Беларусь. Там мы іх знаходзім, там і далей будзем шукаць.

У 2010 годзе ў партыі не было сродкаў на выбарчую кампанію. Але я лічу, што мы справіліся з задачай і паспяхова правялі выбарчую кампанію. Нашы людзі стаялі ў пікетах і ў снег, і ў дождж, усведамляючы, што за гэта яны не атрымаюць ніводнай капейкі. Лічу, што на наступных выбарах партыя спрацуе лепш, чым у 2010 годзе. І нават без сродкаў. Сродкі ⸺ не асноўнае. Асноўнае ⸺ гэта ідэя, на якой трымаецца Партыя БНФ. А цяпер у складзе партыі каля шасці тысяч чалавек.

 

Пра ПБНФ як “самастойную палітычную сілу” і прафанацыю з абраннем адзінага кандыдата ад апазіцыі.

 

Рыгор Кастусёў: Нам удалося за апошнія гады зрабіць Партыю БНФ самастойнай палітычнай сілай. Мы ўвесь час увязваліся ў “5+”, “7+” АДСы ды іншыя “эсы”, дзе Партыю БНФ збольшага выкарыстоўвалі на сваю карысць іншыя арганізацыі.

Аляксей Янукевіч: Гэтае выбудоўванне самастойнасці не давалася нам лёгка. Бо за шмат гадоў і механізмы атрафіраваліся, і ўменні браць на сябе адказнасць ды здольнасць адштурхнуцца ад усіх астатніх пры наяўнасці нават унутранага меркавання, што добра, каб уся апазіцыя была ў адной кучы. І нават пры наяўнасці знешняга ўціску: “Давайце вы тут аб’ядноўваецеся, іначай з вамі ніхто не будзе размаўляць”. Але мы здолелі выпрацаваць курс на самастойнасць і прытрымліваемся яго.

Рыгор Кастусёў: Зразумела, што мы супрацоўнічаем на нейкім этапе і з іншымі партыямі. Да прыкладу, мы працуем ужо цяпер разам з іншымі ў кампаніі назірання “Права выбару”. Але адназначна, што на прэзідэнцкіх выбарах мы будзем вылучаць свайго кандыдата.  Калі нехта захоча падтрымаць нашага кандыдата, мы будзем толькі “за”.

Аляксей Янукевіч: Як і заўсёды, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ніякіх перамоў пра вылучэнне адзінага кандыдата ад апазіцыі не будзе. Будзе імітацыя перамоваў. І Партыя БНФ браць удзел у гэтым не будзе. Гэтай імітацый перамоў не толькі вам, але і мне дурылі галаву. І я безліч гадзін патраціў у гэтых “перамовах”: “А якая працэдура, а якія механізмы, а давайце гэта а давайце тое…”. А па выніку ― ніхто і не збіраўся нават гэтага адзінага абіраць. Такая рэчаіснасць!

 

Пра партыйную дэмакратыю і дыктатуру

 

Рыгор Кастусёў: Дэмакратыя ― справа добрая, і яна павінна быць на ўзроўні прыняцця рашэння. Але калі рашэнне прынятае, то тут павінна быць ужо і дыктатура. Калі ўсе пагадзіліся, што гэта рашэнне самае добрае, то, калі ласка, выконвайце яго. Тут павінен і дыктат быць. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі