Каталіцкая царква ў Славеніі ўлезла ў даўгі на 800 мільёнаў еўра

Польская Gazeta Wyborcza апісвае сітуацыю, у якой апынулася рымска-каталіцкая царква ў Славеніі:

“Маштабы махлярства і халатнасці ў царкве велізарныя. У жніўні Папа Францішак звольніў двух мясцовых архібіскупаў. Цяпер аказваецца, што Касцёл не ў стане самастойна сплаціць вялікай 800 мільёнаў еўра запазычанасці, якая назбіралася цягам апошніх 20 гадоў”.

Ужо вядома, што Ватыкан ратаваць славенскую каталіцкую царкву не будзе, бо спекуляцыя супярэчыць яго прынцыпам. Праўда, ёсць надзея на Аўстрыю: архіепіскапія з Граца хоча выкупіць абцяжараныя іпатэкай будынкі. Калі атрыманых грошай не хопіць, частку царкоўнай маёмасці прыйдзецца прадаваць праз аўкцыён.

Уся справа ў тым, што шмат гадоў святары кіравалі двума фондамі. Як бачна, не вельмі паспяхова. Яны набывалі ўдзелы ў будаўнічых фірмах, фінансавых установах і нават у броварах. Быў нават скандал, калі высветлілася, што марыборская архіепіскапія звязаная з каналам Т-2, па якім транслюецца парнаграфія. Абодва царкоўныя фонды залічаліся да адных з найбуйных у краіне.

Цяпер будучыня царкоўнай маёмасці будзе залежаць ад рашэння ўрада.

Gazeta Wyborcza: “Большасць крэдытаў пад іпатэку была выдадзена дзяржаўнымі банкамі, якія і так маюць свае праблемы. Летась высветлілася, што яны гадамі выдзялялі дрэнныя, нерэальныя для пагашэння крэдыты агульнай сумай 7,5 мільярда еўра. Краіне пагражае банкруцтва”.

Сапраўды, складанасці, з якімі сутыкнуліся банкі, могуць прывесці да сітуацыі, што склалася ў сакавіку на Кіпры, дзе, фактычна, была паралізаваная банкаўская сістэма. Каб да такога не дайшло, улады Славеніі збіраюцца ліквідаваць два прыватныя банкі. І ўвогуле робяць усё, каб не прыйшлося ратавацца праз міжнародную фінансавую дапамогу, якая прымусіць славенцаў “жорстка эканоміць”. Што не ёсць добра, як сведчыць апошняе даследаванне, узгаданае парталам EUobserver:

“Калі ўрады працягнуць палітыку жорсткай эканоміі, колькасць еўрапейцаў, што знаходзяцца на мяжы беднасці, да 2025 года можа дасягнуць 25 мільёнаў чалавек”.

Паводле аўтараў даследавання, Ірландыя, Грэцыя, Партугалія і Іспанія, якія больш за ўсіх скарачалі бюджэты, хутка атрымаюць статус самых “няроўных” краін у свеце. Маецца на ўвазе, што разрыў паміж беднымі і багатымі можа стаць такі ж, як у Паўднёвым Судане ці Парагваі.

Калі ж вяртацца да Славеніі, то на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў яе больш хвалілі, чым крытыкавалі. У 2004-м краіна ўступіла ў ЕС, у 2007-м — перайшла на еўра. Але славенская эканоміка, моцна завязаная на экспарт, не вытрымала глабальнага крызісу. Калі ўсё пойдзе вельмі дрэнна, то Славенія можа стаць пятай краінай еўразоны, якая атрымае міжнародную фінансавую дапамогу (пасля Грэцыі, Партугаліі, Ірландыі і Кіпра).

Фота: unique-slovenia.si

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі