Католікі адзначаюць Вялікдзень — свята Уваскрэсення Хрыстовага
Католікі сёння адзначаюць Вялікдзень — свята Уваскрэсення Хрыстовага. Разам з імі ў гэты дзень святкуюць пратэстанты, грэка-католікі і хрысціяне некаторых іншых канфесіяў. Гэта адно з найбольш значных святаў, якое служыць напамінам аб уваскрэсенні Збаўцы.
Паводле каталіцкай традыцыі, святочныя набажэнствы пачынаюцца раніцай у Вялікую суботу, калі ў храмах дабраслаўляюць агонь і ваду. Агонь разносяць па дамах і запальваюць ім велікодныя свечкі, якія лічацца цудадзейнымі. Незвычайныя ўласцівасці прыпісваюць таксама велікоднай святой вадзе. Таксама ў суботу дабраслаўляюць велікодныя стравы — яйкі і булкі.
Увечары ў суботу ў касцёлах адбываецца велікодная вігілія — імша, падчас якой вернікі вітаюць Уваскрэсенне Хрыста. Раніцай у нядзелю дзеці і моладзь абыходзяць дамы з песнямі і віншаваннямі. Затым у нядзелю адбываюцца святочныя набажэнствы.
Галоўная для беларускіх католікаў Велікодная вігілія прайшла ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Цэлебрацыю галоўнай хрысціянскай урачыстасці ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, паведамляе партал catholic.by
Кіраўнік беларускага касцёла заклікаў вернікаў, ідучы за ўваскрослым Хрыстом, сапраўдным хрысціянскім сведчаннем заўсёды выказваць сваю радасць і веру ва ўваскрасенне. Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што над уваходам у пустую грабніцу Ісуса ў Ерусаліме напісаны словы з Евангелля паводле Лукі: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (пар. Лк 24, 5–6)”.
“Гэтыя словы Святога Пісання з’яўляюцца вельмі важнымі і актуальнымі ў наш час, калі чалавецтва не ўпэўнена ў сваёй будучыні і занепакоена заўтрашнім днём, бо яны даюць новую надзею”, — падкрэсліў іерарх.
На заканчэнне цэлебрацыі арцыбіскуп традыцыйна павіншаваў на розных мовах усіх, хто падзяляе надзею, падараваную ўваскрослым Хрыстом.