Кавалкін пра нацыянальны маркетплэйс: будзе “Белкаапсаюз” з вэб-сайтам
Дзяржава збіраецца пасунуць буйныя анлайн-крамы
Днямі ўлады анансавалі, што плануюць стварыць беларускі аналаг Wildberries и Ozon — нацыянальны маркетплэйс, дзе будуць прадавацца толькі беларускія тавары.
Наколькі гэта жыццяздольная ідэя? Эканаміст і кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін разважае, ці здолее ўлада выйграць канкурэнцыю з папулярнымі анлайн-супермаркетамі:
— Ну толькі ў тым выпадку, калі забараніць Wildberries, Ozon, кітайскі AliExpress… Калі ўсё гэта забараніць і пакінуць дзяржаўны холдынг, тады гэта можа спрацаваць. Асартымент будзе адназначна бедны, з лагістыкай будуць праблемы, з сэрвісам будуць праблемы.
Эканаміст тлумачыць, што сэнс любога маркетплэйса — не сфакусавацца выключна на ўласнай прадукцыі, а стварыць канкурэнтаздольную мадэль продажу. І проста стварыць сайт — недастаткова.
— Першы складнік — гэта лагістыка. Табе трэба мець шмат складоў па ўсёй краіне, каб тэрмін дастаўкі быў мінімальны. А другое — табе патрэбны добры піяр і маркетынг.
Самае галоўнае — каб тавары шлі. І каб прыходзілі людзі нешта набываць. Няма маркетынгу, піяру, няма службы падтрымкі, нармальнай дастаўкі — няма бізнесу, — кажа Кавалкін.
Эксперт успрымае гэтую ідэю даволі скептычна, прыводзячы ў прыклад “аналагавыя” маркетплэйсы — першы нацыянальны Гандлёвы дом толькі беларускіх тавараў або ТЦ “Сталіца”.
— Калі дзяржава бярэцца за такі бізнес, заўсёды атрымліваецца нешта кшталту Белкаапсаюза. Ну, будзе Белкаапсаюз з вэб-сайтам, — іранізуе Уладзімір Кавалкін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.