КДБ працягвае "следчыя дзеянні" з роднымі Наталлі Радзінай
Сёння дамоў да бацькоў Наталлі Радзінай у Кобрыне прыйшлі супрацоўнікі мясцовага аддзялення КДБ, а таксама следчы з Мінска.
Яны правялі ператрус і канфіскавалі штодзённікі журналісткі, лісты салідарнасці, якія ішлі ёй з усяго свету, у тым ліку ад былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела і кіраўніка МЗС Славаччыны Мікулаша Дзурынды. Быў таксама канфіскаваны кампутар непаўналетняга пляменніка Наталлі.
З дому журналісткі супрацоўнікі КДБ паехалі на працу да яе бацьку нібыта для правядзення яшчэ аднаго допыту. Цягам тыдня, з таго моманту як Радзіна пакінула краіну, на допыты ў КДБ выклікалі яе бацькоў, брата і цётку, паведамляе charter97.
Сама рэдактар сайта charter97.org патэлефанавала сёння бацькам і паведаміла, што вырашаюцца апошнія фармальнасці з наданнем ёй палітычнага прытулку ў адной з еўрапейскіх краін.