КДБ: У Беларусі функцыянавала шматузроўневая сістэма атрымання ўзнагароджанняў

КДБ: У Беларусі функцыянавала шматузроўневая сістэма атрымання ўзнагароджанняў

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі агучыў новыя падрабязнасці пра прычыны звальнення кіраўнікоў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Высветлілася, што ў гэтай структуры функцыянавала шматузроўневая сістэма атрымлівання ўзнагароджванняў ад браканьераў. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу КДБ.

Як інфармавала Еўрарадыё, увечары 2 траўня стала вядома пра вызваленне Аляксандрам Лукашэнкам ад пасадаў начальніка Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргея Новікава і яго намесніка Аляксандра Дуньковіча. Адзначалася, што прычынай стала непрыняцце мер па спыненні правапарушэнняў і фактаў карупцыі ў падведамственных арганізацыях. Пасля гэтую справу пракаментаваў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Паводле яго слоў, па трох крымінальных справах праходзяць 14 службовых асоб інспекцыі (некаторыя з іх затрыманыя) і 22 браканьеры.

У чацвер дзяржбяспека паведаміла, што "комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў" у Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях праводзіўся з 24 да 28 красавіка. Былі атрыманыя доказы датычнасці кіраўнікоў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету да фактаў хабарніцтва, перавышэння службовых паўнамоцтваў і г. д. Высветлілася, што супрацоўнікі інспекцыі папярэджвалі браканьераў пра запланаваныя рэйды, вярталі ім забраныя капканы, сеткі.

Як стала вядома, затрыманыя начальнік Віцебскай абласной інспекцыі Лемешаў, начальнік Мазырскай міжраённай інспекцыі Лагімахаў, яго намеснік Красюк (крымінальныя справы распачатыя па фактах атрымання хабару). Па справе праходзяць 6 кіраўнікоў міжраённых інспекцый з Віцебскай вобласці (Лепельскай, Верхнедзвінскай, Полацкай, Браслаўскай, Глыбоцкай, Гарадоцкай), начальнікі Нясвіжскай і Маладзечанскай міжрайінспекцый, 4 кіраўнікі падраздзяленняў цэнтральнага апарату — начальнік упраўлення аналізу і кантроля за аховай і выкарыстаннем аб'ектаў жывёльнага і расліннага свету Драгун, начальнік упраўлення і бухгалтарскага ўліку Чумакоў, начальнік службы забеспячэння Кучынскі, начальнік упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Сярпейка.

КДБ паведамляе, што Лемешаў рэгулярна атрымліваў ад браканьераў значныя аб'ёмы незаконна здабытай рыбы. Частку яе ён перадаваў кіраўніку Дзяржаўнай інспекцыі Новікаву, які даваў указанні кіраўніку Віцебскай абласной інспекцыі, каб пэўных браканьераў не прыцягвалі да адказнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі