КДБ затрымліваў бацьку дзесяці дзяцей
12 ліпеня ў Бараўлянах пад Мінскам супрацоўнікі КДБ затрымалі бацьку дзесяці дзяцей Руслана Ташцімірава, піша "Наша Ніва".
Яго жонка Наталля расказала журналістам, што, вярнуўшыся, пабачыла, як мужа водзяць па кватэры ў кайданках.
"За што забралі мужа я не ведаю. Была ў шоку, не пабачыла, памятаю толькі, падпісвала дакументы аб выемцы прадметаў: забралі БЧБ-сцяг, сістэмны блок, планшэт, тэлефон. Забралі нават цацачнага парсючка на парашуце, якога сын рабіў. Сказалі, што муж выйдзе ў залежнасці ад таго, як будзе супрацоўнічаць", — распавядае жанчына журналістам.
Раней на сям'ю ўжо складалі пратакол за "незаконны пікет": на гаўбцы вісеў сцяг, на яго нехта паскардзіўся ў міліцыю. Дарэчы, першы нарад проста папрасіў прыбраць сцяг, а другі — склаў пратакол, па якім Ташціміравых аштрафавалі.
У сям'і дзесяць сваіх дзяцей. Двое з іх інваліды.
Увечары 12 ліпеня "Белсат" паведаміў, што Руслана Ташцімірава адпусцілі з КДБ, ён пад падпіскай аб неразгалошванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.