КДБ зможа выклікаць ФСБ для змагання з Гіркіным-2?

КДБ зможа выклікаць ФСБ для змагання з  Гіркіным-2?

Расійскія падраздзяленні спецпрызначэння змогуць удзельнічаць у контртэрарыстычных аперацыях на тэрыторыі Беларусі. Як і беларускія — на тэрыторыі Расіі. Дазвол на правядзенне перамоў па падрыхтоўцы і падпісанні адпаведнага пагаднення кіраўнік Беларусі даў КДБ.

Ці не адчыняем мы такім пагадненнем дзверы ў нашу краіну патэнцыйным “зялёным чалавечкам”?

Ніхто не дапусціць бескантрольную дзейнасць расійскіх сіл у спецаперацыях на тэрыторыі Беларусі — аперацыі могуць быць толькі сумесныя, з удзелам адпаведных падраздзяленняў беларускіх сілавікоў. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае ваенны эксперт Аляксандр Алесін. І звяртае ўвагу на тое, што да сёння ўзаемадзеянне КДБ і ФСБ Расіі ніякімі афіцыйнымі нормамі не ўрэгуляванае.

“Нельга казаць, што прысутнасць узброеных сіл іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі немагчымае ўвогуле. Адбываецца гэта ў межах АДКБ падчас вучэнняў. Якія, дарэчы, адпрацоўваюць барацьбу з тэрарыстамі. Наконт ўсяго гэтага ёсць адпаведныя юрыдычныя нормы. Гэтак жа Беларусь можа, а цяпер нібыта нават і абавязаная браць удзел у антытэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі іншых краін — удзельніц АДКБ. Таму новае тут толькі тое, што гэтае ўзаемадзеянне на ўзроўні спецслужбаў і сіл спецыяльных аперацый”, — разважае Аляксандр Алесін.

Але навошта гэта ўвогуле патрэбна — няўжо нашы сілавікі не справяцца самі? Не выключаныя сітуацыі, калі грамадзяне Расіі будуць весці тэрарыстычную дзейнасць у Беларусі ці беларусы — у Расіі. А ў такім выпадку, лічыць Алесін, будзе да месца правядзенне нейкай сумеснай аперацыі.

Аляксандр Алесін: “Любое легальнае дзеянне лепшае за нелегальнае. І калі кажуць з гэтай нагоды нешта пра “зялёных чалавечкаў”, то мы ж памятаем, што калі іх выкарысталі, то ніхто не пытаўся дазволу. І ніякіх пагадненняў не падпісвалася”.

Толькі ці можна разлічваць на дапамогу расійскага ФСБ, калі ў нейкі беларускі горад прыйдзе ўмоўны Гіркін-2 з атрадам?

На сто адсоткаў ніякай дапамогі з боку ФСБ у такім выпадку не будзе, упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

КДБ зможа выклікаць ФСБ для змагання з  Гіркіным-2?

Калі ў нас з’яўляецца Гіркін-2, гэта фактычна азначае, што ў нас з’яўляецца ўзброенае фармаванне, створанае службовымі асобамі расійскіх спецслужбаў. А гэта фактычна акт вайны. І я не ўяўляю сабе сітуацыі, пры якой некаму ў Мінску прыйдзе ў галаву запрашаць расійскі спецназ ці іншыя сілы, каб яны дапамагалі вызваліць умоўны Віцебск

Кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў

Калегу падтрымлівае і Аляксандр Алесін.

“У нас ёсць сілы і сродкі самім такіх тэрарыстаў прыдушыць — мы можам гэта зрабіць у адпаведнасці з усімі міжнароднымі нормамі”.

На думку экспертаў, пагадненне гэтае найперш прадугледжвае ўзаемадзеянне ў інфармацыйнай, тэхнічнай і юрыдычнай сферы. Асцерагацца яго не варта.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі