Кіраўнік бізнес-саюза: Лукашэнка не інфармаваны аб рэальным становішчы ІП

Кіраўнік бізнес-саюза: Лукашэнка не інфармаваны аб рэальным становішчы ІП

Аляксандр Лукашэнка не інфармаваны аб рэальным становішчы індывідуальных прадпрымальнікаў. Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі 14 студзеня ў Мінску старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.

У прыватнасці ён прывёў прыклады, калі прадпрымальнікі, набываючы тавар на расійскіх рынках, атрымліваюць там дакументы, а беларуская падатковая інспекцыя пасылае сустрэчны запыт у Расію на праверку іх сапраўднасці, інфармуе БелаПАН. Часта расійскія ІП і юрыдычныя асобы адмаўляюцца пацвердзіць сапраўднасць здзелкі, каб іх у сваю чаргу не правяралі кантралюючыя органы. У Беларусі за гэта прадпрымальнікі пазбаўляюцца тавару, і на іх накладваюцца вялікія штрафы. "Шмат прыкладаў, калі ІП выстаўляюцца штрафы за парушэнні маркіроўкі тавару, хаця гэтым павінны займацца вытворцы", — адзначыў Калінін.

На яго думку, прадпрымальнікам немагчыма працаваць, калі ўлады ігнаруюць палажэнні дырэктывы № 4 аб прадпрымальніцкай дзейнасці. "Мяркуючы па тым, як Лукашэнка выказаўся аб ІП, яго не інфармуюць аб рэальных недапрацоўках чыноўнікаў. Яго проста не інфармуюць. Справа не ў тым, што беларусы не хочуць выконваць закон. Пытанне ў тым, што чыноўнікі не стварылі нармальныя ўмовы, не чыталі дырэктыву і не збіраюцца яе выконваць. У гэтым вялікая праблема ", — лічыць Калінін.

Як паведамляла Еўрарадыё, Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня, каментуючы заявы ІП, якія гандлююць легпрамам, аб немагчымасці працаваць з-за ўказа № 222, падкрэсліў: "З 1 студзеня скончыліся іх мядовыя гады, і трэба працаваць у роўных умовах, па адпаведных дакументах". "Ім трэба разумець, што сертыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі, — гэта першы крок. Ёсць тавар — усе суправаджальныя дакументы павінны быць. Мы павінны празрыста гандляваць, і хопіць вакол гэтага нейкія падкопы ладзіць".

No video provider was found to handle the given URL. See the documentation for more information.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі