Кіраўнік Еўрагрупы назваў вынікі рэферэндума ў Грэцыі "вельмі сумнымі"

Кіраўнік Еўрагрупы і міністр фінансаў Нідэрландаў Ерун Дэйселблум назваў вынікі рэферэндума ў Грэцыі "вельмі сумнымі" для будучыні гэтай краіны. Ён нагадаў, што для аднаўлення эканомікі Афінам патрэбныя "складаныя рашэнні і рэформы". "Цяпер мы будзем чакаць ініцыятываў уладаў Грэцыі", — цытуе словы Дэйселблума ВВС.

А старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц лічыць, што Грэцыі неўзабаве спатрэбіцца не фінансавая, а гуманітарная дапамога (гл. відэа).

Нагадаем, на рэферэндуме, які прайшоў 5 ліпеня, грэкі мусілі вызначыць, ці павінна краіна прыняць або адхіліць пагадненне з міжнароднымі крэдыторамі аб выхадзе з пазыковага крызісу. Як вядома, крэдыторы дамагаюцца ад уладаў Грэцыі павышэння падаткаў і скарачэння сацыяльных выплат, дапамог. Гэтая эканомія можа дапамагчы Афінам выконваць свае фінансавыя абавязацельствы.

Аднак больш за 61% выбарцаў прагаласавалі супраць прапановаў крэдытораў. "За" выказаліся толькі 38%.

Міністры фінансаў 19 краін еўразоны маюць намер абмеркаваць сітуацыю ў Грэцыі на спецыяльным саміце, які прызначаны на 7 ліпеня.

Фота: АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі