У Літве праходзяць прэзідэнцкія выбары: у бюлетэнях для галасавання 9 кандыдатаў
У Літве сёння праходзяць прэзідэнцкія выбары. Краіна ўжо ў сёмы раз з часоў абвяшчэння незалежнасці абірае кіраўніка дзяржавы. Адначасова з сёлетнімі выбарамі адбываюцца два рэферэндумы — аб увядзенні двайнога грамадзянства і аб скарачэнні дэпутацкага корпусу на 15%.
На пасаду прэзідэнта прэтэндуюць 9 кандыдатаў, трох з якіх лічацца фаварытамі выбарчай гонкі: экс-мініністр фінансаў Інгрыда Шыманітэ, за якую гатовыя былі прагаласаваць 26,2% літоўцаў, эканаміст Гінтас Наусед (рэйтынг 24,6%), дзеючы прэм'ер-міністр Саулюс Скверняліс (16,6%). Мяркуецца, што ніводны з кандыдатаў не набярэ ў першым туры болей за палову галасоў выбаршчыкаў і таму адбудзецца другі тур.
Прэзідэнтка Даля Грыбаўскайтэ заканчвае другі тэрмін сваіх паўнамоцтваў і болей не можа балатавацца.
У Літве правам голасу валодаюць 2,5 мільёна грамадзянаў. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся сёння ў 7:00 і зачыняцца ў 20:00. Папярэднія вынікі галасавання будуць вядомыя пасля паўночы.