Спецслужбы Украіны: Расія магла спрычыніцца да пратэстаў у Францыі
Расія магла спрычыніцца да пратэстаў у Францыі, якія распачаліся ў сярэдзіне лістапада. Такую версію вылучае Служба бяспекі Украіны. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ведамства выклала фота, дзе двое мужчын трымаюць у руках сцяг гэтак званай ДНР. Мяркуецца, што здымак зроблены ў Парыжы, бо мужчыны апранутыя ў жоўтыя камізэлькі, як і многія іншыя людзі на заднім плане.
Паводле СБУ, на фота пазіраваў Сарлін Фабрыс, чалец “Міжнароднага аналітычнага цэнтра “Катэхон”, звязанага з расійскім бізнэсменам Канстанцінам Малафеевым, а таксама Ксаўе Маро, расійскі грамадзянін з 2013 года і ўдзельнік грамадскай арганізацыі “Усход Францыя — Салідарнасць Данбас”.
Версію магчымага замежнага ўмяшання ў акцыі пратэсту правярае таксама і Генеральны сакратарыят у пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Францыі. Паводле выдання Le Parisien, гаворка пра заклікі да пратэстаў у сацыяльных сетках. Брытанская The Times таксама паведамляла, што заклікі распаўсюджваліся праз сетку з болей як 200 твітэр-акаунтаў, звязаных з Расіяй.
Ад пачатку акцыі “жоўтых камізэлек” былі скіраваныя супраць планаў ураду павысіць кошты на аўтамабільнае паліва. Павышэнне адмянілі, аднак пратэсты працягваліся і цяпер дэманстранты выходзяць на вуліцы з лозунгамі супраць ураду і прэзідэнта Эмануэля Макрона, піша meduza.io