У Парыжы зноў пратэстуюць “жоўтыя камізэлькі”, 272 чалавекі затрыманыя
У Парыжы аднавіліся пратэсты “жоўтых камізэлек”, якія выліліся ў сутыкненні з паліцыяй. Як паведамляе ВВС, у цэнтр горада выйшлі каля 5 тысяч пратэстоўцаў, 272 з іх былі затрыманыя. Гэтыя лічбы ніжэйшы, чым у мінулыя тыдні. Пры гэтым ахоўваць правапарадак у сталіцы Францыі выйшлі каля 8 тысяч паліцыянтаў і 12 браніраваных машын. Па ўсёй краіне на акцыі пратэсту скіравалі каля 90 тысяч паліцыянтаў.
Пратэстоўцы сабраліся на Елісейскіх палях і зладзілі непрацяглае шэсце, тады спыніліся ля паліцэйскага кардону. Адбылося некалькі сутычак, падчас якіх паліцыя выкарыстала слезацечны газ.
Паводле французскіх уладаў, усяго адбылося каля 500 спыненняў для праверкі, прычым спынялі і выпадковых мінакоў, бо яны мелі пры сабе маскі, рагаткі, малаткі і камяні.
Перад пачаткам акцыі ў Парыжы абмежавалі рух транспарту, зачынілі крамы, музеі і некаторыя іншыя ўстановы. Жыхарам горада рэкамендавалі не выходзіць з дому.
Нагодай для масавых пратэстаў у Францыі, якія адбываюцца ўжо тры тыдні, сталі планы ўладаў павысіць кошты на бензін. На пачатку снежня ў сувязі з беспарадкамі падаражэнне паліва адмянілі, аднак пратэсты не спыніліся. Пратэстоўцы выходзяць на вуліцы з антыўрадавымі лозунгамі, а ўлады мяркуюць, што маніфестантамі кіруюць радыкальныя групоўкі.