Кіраўнік МЗС Польшчы адмовіўся ад сустрэчы з Уладзімірам Макеем у ААН

Уладзімір Макей​ / twitter.com/BelarusMID
Уладзімір Макей​ / twitter.com/BelarusMID

Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау адмовіўся ад сустрэчы кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем, хоць, па словах Макея, сам быў ініцыятарам зносін. Пра гэта кіраўнік знешнепалітычнага ведамства распавёў у эфіры тэлеканала СТВ.

Макей заявіў, што некаторыя калегі, запытаўшы сустрэчу, праз некаторы час ад яе адмовіліся.

"Так зрабіў мой польскі калега, хоць нам ёсць, аб чым пагаварыць і што абмеркаваць", — сказаў ён.

Нагадаем, што сярод еўрапейскіх міністраў, якія пагадзіліся на сустрэчу з Макеем быў, у прыватнасці, кіраўнік МЗС Фінляндыі Пека Хаавіста. У інтэрв'ю фінскай газеце Helsingin Sanomat ён пазней распавёў, што абмяркоўваў з беларускім міністрам пытанні правоў чалавека і палітвязняў. Ён таксама нагадаў пра тое, што апазіцыя Беларусі гатовая да дыялогу з уладамі, і падняў пытанне аб міграцыйным крызісе.

Пры гэтым у эфіры Беларускага тэлебачання Макей заявіў, што заходнія калегі ў канфідэнцыйных гутарках, па яго адчуваннях "досыць скептычна ацэньваюць дзейнасць" апазіцыі і Святланы Ціханоўскай. Макей успомніў і пра яе, але так і не рызыкнуў назваць яе імя.

"Ведаеце, ацэнкі — даслоўна я хачу сказаць, — што мадам адчувае сябе вельмі нервова. З улікам таго, што нічога, напэўна, не атрымліваецца з іх абяцанняў", — заявіў ён.

Нагадаем, што раней з'явіліся падрабязнасці сустрэчы кіраўніка беларускага МЗС з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам. Падчас сустрэчы Макей, паводле яго слоў, заявіў аб датычнасці прадстаўнікоў ААН у Беларусі да фінансавання беларускіх пратэстаў, а таксама аб недапушчальнасці "выкарыстання асобных структур ААН для дэманізацыі Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі